Правайдары маюць суткі, каб закрыць доступ да сайта "Спутник и погром"

Правайдары маюць суткі, каб закрыць доступ да сайта "Спутник и погром"

25 студзеня стала вядома, што загадам ад 23 студзеня Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да расійскага сайта "Спутник и погром". Як паведамляецца на сайце Мінінфарма, падставай паслужыла рашэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на рэсурсе sputnikipogrom.com. Рашэнне суда было прынятае з улікам экспертнага заключэння Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праявы экстрэмізму. Удзень 26 студзеня доступ да сайта застаецца часткова свабодным. У прыватнасці, з прыладаў, падключаных да мабільнага інтэрнэту аднаго з сотавых аператараў, зайсці на "Спутник и погром" ужо немагчыма. А праз ADSL-злучэнне сайт адкрываецца. "У пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг ёсць суткі для таго, каб абмежаваць доступ да гэтага сайта. Мінінфарм выдае загад, мы размяшчаем інфармацыю на сваім сайце. Правайдары яе атрымліваюць і абмяжоўваюць доступ", — тлумачаць у Аддзеле інфармацыйных тэхналогій БелГІЭ — рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства па наглядзе за электрасувяззю. Рэдактары сайта "Спутник и погром" тым часам прысвяцілі рашэнню Мінінфармацыі Беларусі цэлы артыкул пад назвай "Республика Беларусь" запретила "Спутник и Погром" (у арыгінале назва нашай краіны ўзятая ў двукоссе). Яны прызнаюцца, што не ведаюць, за што менавіта ўлады Беларусі абмежавалі доступ да іх сайта, а таксама публікуюць спосабы абыходу блакіроўкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі