Расійскі Дзяржзнак прабачыўся за праваслаўныя крыжы на беларускіх грошах

Праваслаўныя крыжы, якія на 100-тысячнай купюры прымалявалі на Нясвіжскі замак замест радзівілаўскіх арлоў, друкавалі ў расійскім Дзяржзнаку. Там і памыліліся з малюнкам Напалеона Орды. Пра гэта падчас прамой лініі паведаміла карэспандэнту Еўрарадыё старшыня Нацбанка Беларусі Надзея Ермакова.

Надзея Ермакова: “Мы выйшлі на расійскі Дзяржзнак, які друкаваў гэту купюру. Яны афіцыйна прабачыліся, і новая партыя ўжо будзе друкавацца выпраўленая”.

Пры гэтым яна не ўдакладніла, калі з’явіцца новая партыя, адзначыўшы, што “магчыма, яна ўжо выйшла”.

Год таму Еўрарадыё заўважыла, што на купюры ў 100 000 да Нясвіжскага замка прымалявалі праваслаўныя крыжы, хоць у арыгінале на малюнку Напалеона Орды — радзівілаўскія арлы. Банкнота была ўведзеная ў абарачэнне 8 гадоў таму — 15 ліпеня 2005 года І ніхто столькі часу не заўважаў памылку.

Адзначым, што Радзівілы былі каталікамі, таму праваслаўны крыж на іх палацы скажае не толькі мастацкі твор Напалеона Орды, але і гістарычныя рэаліі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі