Правабаронцы прызналі палітвязнямі Віктара Бабарыку і яшчэ трох чалавек

Правабаронцы прызналі палітвязнямі Віктара Бабарыку і яшчэ трох чалавек

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з супольнай заявай наконт затрымання Віктара Бабарыкі і пераследу чальцоў яго ініцыятыўнай групы. 

Прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда, які адначасова з'яўляеца кіраўніком ініцыятыўнай групы, затрымалі 18 чэрвеня па "справе Белгазпрамбанка". Старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель заявіў, што Бабарыка-старэйшы быў арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасці, спрабаваў ўздзейнічаць на сведкаў, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў. 

На цяперашні момант бацька і сын Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Раней былі затрыманыя і ўзятыя пад варту сябры ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі — Святлана Купрэева і Уладзімір Дудараў.

"Іх затрыманне стала працягам хвалі рэпрэсій, якія распачаліся ў краіне з моманту абвяшчэння парламентам прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. За гэты перыяд сотні грамадзян былі падвергнутыя розным відам рэпрэсій і пераследу: звальненням з працы, адміністрацыйным арыштам і штрафам", — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў. 

Яны звяртаюць увагу, што найбольшы пераслед закрануў інцыятыўныя групы Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі. Напрыклад, кіраўнік ініцыятыўнай групы Ціханоўскай яе муж блогер Сяргей Ціханоўскі разам з яшчэ сямю паплечнікамі быў узяты пад варту. На іх пачалкі крымінальную справу за арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Праваабаронцы прызналі ўсіх васьмярых палітвязнямі. Сама Святлана Ціханоўская заявіла, што ёй паступалі пагрозы крымінальнага пераследу і адабрання ў яе непаўнагадовых дзяцей.

"Прэзідэнцкая кампанія адбываецца ва ўмовах запалохвання грамадства, пагрозаў і ціску. Дзеючы кіраўнік дзяржавы асабіста неаднаразова пагражаў сваім палітычным апанентам, у тым ліку і Віктару Бабарыку", — падкрэсліваюць праваабаронцы.

Зыходзячы з усяго гэтага яны прыхозяць да высновы пра палітычныя матывы ў крымінальным пераследзе Віктара Бабарыкі. Дзеянні следчых органаў у яго справе, на думку праваабаронцаў парушаюць прэзумпцыю невінаватасці, груба парушаюць права на абарону ды іншыя. 

Таму праваабаронцы прызнаюць палітвязнямі Віктара Бабарыку, Эдуарда Бабарыку, Святлану Купрэеву і Уладзіміра Дударава. Яны патрабуюць неадкладна вызваліць гэтых людзей з-пад варты і забяспечыць Віктару Бабарыку магчымасць бесперашкодна ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. 

Таксама праваадаронцы патрабуюць, каб улады адмовіліся ад метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на ўдзельнікаў выбарчай кампаніі і неадкладна спынілі рэпрэсіі супраць грамадзян і непасрэдных удзельнікаў выбарчага працэса. Акрамя таго, яны заклікаюць неадкладна вызваліць усіх палітвязняў. 

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр "Вясна" (зачынены ўладамі), РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, РГА "Прававая ініцыятыва”, Простае таварыства "Ініцыятыва Forb", Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права", Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Х'юман Канстанта”, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі