Праваабаронца: Летась насамрэч было значна менш парушэнняў, чым у 2011-м

Дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі рэкамендуе кіраўніцтву Еўрасаюза змяніць палітыку ў дачыненні да афіцыйнага Мінска і скасаваць санкцыі да некаторых чыноўнікаў. У апублікаванай справаздачы Юстаса Палецкіса адзначаецца, што ў 2012 годзе ў нашай краіне заўважанае паляпшэнне сітуацыі з выкананнем правоў чалавека, а "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі" аказаў станоўчы ўплыў на развіццё грамадзянскай супольнасці".

“У гэтым папярэднім дакуменце ясна гаворыцца, што папярэдняя ўмова — гэта вызваленне і палітычная рэабілітацыя палітычных зняволеных, — тлумачыць еўрадэпутат сваю пазіцыю ў размове з Еўрарадыё. — Калі гэта будзе, то будуць зваротныя крокі з боку ЕС. Калі не будзе, то давядзецца чакаць лепшых часоў. Хоць, на мой погляд, ён сфармаваўся пасля гутарак у Мінску з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, становішча, калі Беларусь ізаляваная, калі частка еўрапейскіх палітыкаў лічыць, што трэба махнуць рукой на гэту краіну, на мой погляд, гэта не лепшае выйсце”.

Сярод беларускіх праваабаронцаў з Палецкісам сустракаўся прадстаўнік “Вясны” Валянцін Стэфановіч. Ён прызнаецца, што арыгінала тэксту літоўскага еўрадэпутата пакуль не чытаў.

“Арыгінал я не чытаў. Толькі тое, што было ў вольным доступе. У прынцыпе, ён (Юстас Палецкіс — Еўрарадыё) адлюстраваў тое, што я даводзіў. Тое, што змены ў заканадаўстве адбыліся напрыканцы 2012 года. Яны надалі заканадаўству яшчэ больш рэпрэсіўны характар”.

Стэфановіч лічыць, што падобныя справаздачы павінны складаць не палітыкі, а міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Маўляў, яны значна лепш разбіраюцца ў сітуацыі. А ў дадатак, знаходзяцца па-за палітычнай кан’юнктурай.

Праваабаронца прызнаецца, што падчас сустрэчы з Юстасам Палецкісам гаварыў пра змяншэнне колькасці палітычна матываваных крымінальных спраў.

“У 2012 годзе крымінальных спраў было значна менш, чым у 2011. Але што з чым параўноўваць? Калі з 2011, то менш. Але пра што гэта кажа? Калі я сустракаўся (з Палецкісам — Еўрарадыё), то гаварыў пра пэўную стабілізацыю сітуацыі. Але ж гэта не азначае “заўважнае паляпшэнне”.

Праз гэтае “заўважнае паляпшэнне” і разгарэўся ўвесь скандал. Толькі вось у арыгінале даклада літоўскага палітыка напісана, што “было заўважана паляпшэнне”.

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч тым часам мяркуе, што нават зніжэнне колькасці палітычна матываваных крымінальных спраў не сведчыць аб паляпшэнні агульнай сітуацыі. Каб пра гэта можна было гаварыць — неабходныя больш глыбокія перамены ў заканадаўстве.

“Мы зможам гаварыць пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі тады, калі пачнуцца сістэмныя змены. Калі беларускія ўлады пачнуць дэманстраваць палітычную волю да лібералізацыі, да дэмакратычных каштоўнасцяў. Сістэмныя змены — гэта перадусім змены ў заканадаўстве. Павінны знікнуць палітычна матываваныя крымінальныя артыкулы”.

Праваабаронца Раман Кісляк трымаецца думкі, што ўлады не толькі павінны адмовіцца ад “палітычных” артыкулаў, але і пайсці на цеснае супрацоўніцтва з экспертамі ў галіне правоў чалавека.

“Павінна змяніцца практыка прымянення ўладамі заканадаўства. Яны павінны прыслухоўвацца да праваабаронцаў, экспертаў і адмовіцца ад практыкі падаўлення правоў і свабод”.

Калі ўсё гэта адбудзецца, і ці адбудзецца ўвогуле — можна толькі здагадвацца. Пакуль што можам толькі падлічваць колькасць “палітычных” спраў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі