Пракурор просіць для раварыста з бітай сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

Пракурор просіць для раварыста з бітай сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

На судовым працэсе над Анатолем Грынкевічам, які збіў бітай 17-гадовага юнака, пракурор запрасіла для падсуднага сем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, піша tut.by. Максімальна магчымае пакаранне за асабліва злоснае хуліганства — 10 гадоў пазбаўлення волі.

Як паведамляла раней Еўрарадыё, 19 чэрвеня Грынкевіч ехаў на ровары па веладарожцы на праспекце Прытыцкага і збіў Васіля Дземідовіча, які не саступіў яму дарогу.

На судзе Грынкевіч прызнаў сваю віну. Пракурор лічыць, што ён не меў прычын парушаць закон, і таму яго ўчынку няма апраўдання. Дзяржаўны абвінаваўца мяркуе, што падсудны ўяўляе вялікую грамадскую небяспеку.

У сваю чаргу адвакат папрасіў ужыць да падсуднага толькі абмежаванне волі. Ён падкрэсліў, што Грынкевіч мае на ўтрыманні малалетняе дзіця, народжанае, калі раварыст знаходзіўся ў СІЗА. Таксама ён заклікаў узяць пад увагу чыстасардэчнае раскаянне, выказанае абвінавачаным.

Тым часам пацярпелы Васіль Дземідовіч хоча, каб яго крыўдзіцеля пасадзілі. Ён хоча атрымаць з Грынкевіча кампенсацыю ў 50 тысяч "новых" рублёў (каля 25 тысяч долараў).

Прысуд Анатолю Грынкевічу будзе абвешчаны ў панядзелак, 12 верасня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі