Пракуратура папярэдзіла журналіста за кнігу пра выбух у мінскім метро

Яно датычыць артыкула і кнігі "Хто ўзарваў мінскае метро?", паведамляе Радыё "Свабода".



Згадваецца ў папярэджанні тое, што Груздзіловіч у сваім матэрыяле раскрытыкаваў працу службы аховы метрапалітэну. 10 красавіка ён прайшоў у метро з вялікай сумкай, але міліцыянты нават не зазірнулі ў яе.



Незадавальненне пракуратуры выклікала кніга Груздзіловіча "Хто ўзарваў мінскае метро?". У ёй, на думку пракурораў, "ставіцца пад сумнеў аб’ектыўнасць афіцыйных вынікаў расследавання крымінальнай справы па факце выбуху ў мінскім метрапалітэне, а таксама справядлівасць беларускай судовай сістэмы ў цэлым".



Журналісту нагадалі пра судовую адказнасць за "прадстаўленне замежнай дзяржаве, замежнай ці міжнароднай арганізацыі заведама непраўдзівых звестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, вайсковае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь, прававое становішча грамадзян РБ, якія дыскрэдытуюць РБ і яе органы ўлады".



Такія дзеянні з боку ўладаў Груздзіловіч расцэньвае як ціск на журналіста.