Прафсаюз работнікаў адукацыі пра заробкі: Настаўнікі — цямлівы народ

У жніўні настаўнікам абяцалі павышэнне заробку на 25%. Праз месяц міністр адукацыі агучвае павышэнне заробкаў на… 3%. Але настаўнікі кажуць пра… паніжэнне на 3-9%.

“Атрымліваецца мы сышлі ў мінус дзесьці на 3%. Заробак мусіў павысіцца, але ён, наадварот, упаў. У мяне больш за 1,5 стаўкі, і за верасень заробак — 3,4 мільёна рублёў”, — расказвае Еўрарадыё настаўніца з мінскай школы Дар’я Валер’еўна. Не разбагацела пасля абяцанага росту заробкаў.

Значыць, у каго толькі стаўка — зарабляе яшчэ менш. Настаўніца з Мінскай вобласці Марыя Анатольеўна працуе на дзвюх працах, адной настаўніцкай не хапае.

“Усе мае калегі заўважылі, што не толькі павелічэння няма, але і меншы стаў заробак, ва ўсялякім разе за верасень. Усе вельмі засмучаныя, бо праца многім падабаецца. Многім засталося пару гадоў да пенсіі і сума пенсіі залежыць ад заробку, а ён зменшыўся”, — скардзіцца настаўніца.

Настаўнік хіміі з Мінску кажа пра паніжэнне заробку на 9%!

“Сама тарыфная стаўка вырасла, але колькасць гадзінаў на тыдзень таксама вырасла з 18 да 20 гадзінаў. У суме, сапраўды, у некаторых атрымалася на 9% менш. У мяне, напрыклад, засталося столькі, колькі было. Каля 3 мільёнаў”, — расказвае Дзмітрый.

У прафсаюзе работнікаў адукацыі Еўрарадыё цікавіцца: ці задаволеныя настаўнікі павышэннем заробкаў?

-Эмоцыі былі, канешне, людзі іх выліваюць. Гадзіны дзялілі. Але гэта ж інтэлігентныя людзі. Настаўнікі — цямлівы народ. Мы зараз далі прапановы па сацыяльным пакеце. Там не тое каб грашовыя, але гэта павысіць статус прафесіі.

Еўрарадыё: А што гэта за прапановы?

Супрацоўнік прафсаюзу: Гэта тэма асобнай размовы.

Пры гэтым у прафсаюзе называюць смелыя лічбы ўжо “павялічаных” заробкаў у некаторых настаўнікаў: 13-14% павышэння. Гэта нават больш, чым агучаныя міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам 3%. Але сітуацыя будзе паляпшацца, абяцаюць у прафсаюзе.

Сярэдні заробак у настаўнікаў са студзеня па травень — 3 мільёны 869 тысяч, паведамляе Белстат. У жніўні настаўнікі атрымліваюць у сярэднім на 70 тысяч менш, што ў адміністрацыі школ звязваюць з адпачынкамі. А зараз каля дзесяці настаўнікаў, з якімі пагаварыла Еўрарадыё, агучваюць заробак меншы за 3,5 мільёна.

Заробак настаўнікам: абяцалі павысіць на 25%, а паднялі на 3%?

Фота: img.rufox.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі