Прадпрымальныя партугальцы зладзілі “крызісныя” туры па Порту

Паўтара года таму партугальскі прэм’ер параіў сваім маладым суайчыннікам шукаць працу за мяжой, бо ўладкавацца на радзіме амаль немагчыма. Але трое беспрацоўных архітэктараў з Порту не прыслухаліся да парады. Яны вырашылі зарабіць на… крызісе.

“Расчараваныя ўздзеяннем жорсткай эканоміі на свой родны горад, гэтыя архітэктары стварылі “Самыя горшыя туры”. Замест таго каб вадзіць гасцей па вядомых вінных дамах і гістарычных славутасцях, яны завядуць вас у горшыя месцы горада”, — піша BBC.

А паказаць сапраўды ёсць што: на дадзены момант у другім па велічыні партугальскім горадзе не менш за 70 тысяч закінутых будынкаў.

“Людзі згубілі шмат грошай. Таму яны не могуць падтрымліваць унутраны рынак. Дамы зачыняюцца, бізнес спыняецца”, — кажа Гі Кастра Фелга, якая з’яўляецца адным з арганізатараў незвычайных тураў.

Даведнік Lonely Planet аднёс Порту ў топ-10 турыстычных маршрутаў на 2013 год. І на самой справе, горад робіць уражанне сваімі мастамі і трамваямі. Толькі калі ў ім не затрымацца надоўга. Вось што заўважыў на другі дзень адзін ў наведвальнікаў Порту:

“Порту ператвараецца ў горад-прывід хутчэй, чым любое іншае месца Партугаліі. На кожнай вуліцы дзясяткі пустых дамоў з выбітымі шыбамі альбо з плакатамі “Прадаецца”. Многія з іх выстаўляюцца на продаж дзесяцігоддзямі, а разбітыя дамы ў цэнтры горада не рэдкасць”.

Сярод іншага “горшыя туры” прапануюць наведаць публічнае месца для мыцця. Там звычайна ў рачной вадзе ўручную мыюць свае рэчы людзі, якія не маюць пральных машын. Яшчэ адзін пункт праграмы — наведванне закінутых шопінг-цэнтраў. Як правіла, у іх ужо не вядзецца ніякага гандлю, хаця і прысутнічае пэўнае жыццё: апошнім часам былыя крамы пачалі актыўна выкарыстоўвацца мясцовымі музыкамі ў якасці месцаў для рэпетыцый.

У пазамінулым годзе ў Порту налічылі амаль 240 тысяч жыхароў (можна параўнаць з беларускім Бабруйскам). Але паводле некаторых дадзеных, з 1990 года горад паменшыўся, у тым ліку і ў выніку міграцыі, на 65 тысяч чалавек.

Фота:  europeanconsumerschoice.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі