Прадпрымальніка Алеся Макаева даставілі ў Цэнтральнае РУУС Мінска

Прадпрымальніка Алеся Макаева затрымалі і даставілі ў Цэнтральнае РУУС Мінска. Як паведаміла яго жонка Юлія Сцяпанава, спярша прадпрымальніку затэлефанаваў невядомы і заявіў, што ў яго ёсць "вельмі важная інфармацыя". Мужчына спрабаваў высветліць, дзе знаходзіцца Макаеў, і дамовіцца пра сустрэчу.

"Потым Саша вырашыў схадзіць у краму, каб паспець купіць цыгарэты. Ён пайшоў да крамы, а яго ўжо чакалі некалькі чалавек у цывільным. Яму дазволілі схадзіць у краму і сказалі, што павязуць у Цэнтральнае РУУС", — распавяла Сцяпанава агенцтву БелаПАН.

Вядома, што на Макаева складаюць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, аднак пакуль невядома, па якім артыкуле Адміністрацыйнага кодэксу.

Як паведамляла Еўрарадыё, 1 сакавіка прадпрымальніка затрымалі на рынку ў Ждановічах. Гэта адбылося пасля таго, як мясцовыя прадпрымальнікі правялі сход, на якім вырашалі, як працаваць у новых умовах. Тады пасля 40-хвіліннага затрымання Макаева адпусцілі.

Фота — budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі