Праблемы іпэшнікаў у пытаннях і адказах

Праблемы іпэшнікаў у пытаннях і адказах
Як зменіцца жыццё ІП пасля 1 студзеня
Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць вопраткай, з 1 студзеня збіраюцца масава спыніць працу. Шмат хто ўжо цяпер сышоў з рынкаў і гандлёвых цэнтраў.
 
Прычыны спынення працы
Уступленне ў сілу падпісаных прэзідэнтам указаў, якія не могуць выканаць прадпрымальнікі. Адзін з іх вымушае мець дакументы, якія пацвярджаюць набыццё тавараў. Другі — мець сертыфікаты і дэкларацыі, якія пацвярджаюць адпаведнасць тавараў тэхрэгламенту Мытнага саюза. Пасля 1 студзеня продаж тавараў без дакументаў забаронены.
 
Чым пагражае невыкананне
За адсутнасць дакументаў, што пацвярджаюць набыццё, — штраф да 50 базавых з канфіскацыяй тавараў і выручкі альбо без яе. І ў выпадку продажу без дакументаў, і ў выпадку іх несапраўднасці.
За адсутнасць сертыфікатаў і дэкларацый — штраф да 200% ад кошту рэалізаванай прадукцыі, а пры немагчымасці яе вызначэння — да 500 базавых. Пры гэтым мінімальны штраф можа быць не меншы за 200 базавых.
 
Чаму новыя правілы прадпрымальнікі не хочуць выконваць
У Расіі, адкуль завозіцца большасць тавараў, не даюць патрэбных папер альбо даюць фіктыўныя. А набыццё ў беларускіх і расійскіх вытворцаў тавараў з дакументамі робіць іх непад’ёмнымі па кошце для беларускага пакупніка. Чыноўнікі ў якасці альтэрнатывы прапаноўвалі прадпрымальнікам закупацца на айчынных аптовых базах. Аднак гандляроў не задавальняе кошт, знешні выгляд ды іншыя якасці беларускіх тавараў.
 
Чым яшчэ незадаволеныя прадпрымальнікі
Ніхто не раіўся з прадстаўнікамі малога бізнесу перад прыняццем законаў. 
Пры закупцы тавараў без дакументаў расходы на працэдуры пацвярджэння адпаведнасці тэхрэгламенту ўскладваюцца на плечы іпэшнікаў.
Выклікаюць незадаволенасць вялікія штрафы і канфіскацыі.
 
Пазіцыя ўладаў
Малы бізнес набывае тавары ў нелегальных вытворцаў і пастаўшчыкоў, і таму якасць прадукцыі можа быць сумнеўнай.
Колькі часу пойдзе на афармленне пакета дакументаў і наколькі падаражэюць у выніку тавары
Пакет дакументаў афармляецца мінімум месяц. Тавары падаражэюць у кожнага прадаўца па-рознаму. У некага — на 10-15%, а ў некага — ў 1,5 раза.
 
Колькі разоў адтэрміноўваўся пачатак дзеяння новых умоў
Указ №222 быў падпісаны з вызначаным у ім пераходным перыядам. Цягам яго прадпрымальнікі мусілі распрадаць тавары без дакументаў. Пасля сустрэчы прэзідэнта краіны з прадпрымальнікамі, іншым указам тэрмін быў прадоўжаны да 1 студзеня 2016 года. Пераходны перыяд разам з адтэрміноўкай склаў 18 месяцаў.
Указ №48 прэзідэнт падпісаў і праз паўтара тыдня спыніў яго дзеянне іншым указам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі