Пра што сведчаць новыя крокі Нацбанка?

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб пракаментаваў для Еўрарадыё ключавыя пункты пастановы Нацбанка.

Афіцыйна:

“З 9 студзеня 2015 года Нацыянальны банк аднаўляе выкарыстанне механізму прывязкі курса беларускага рубля да кошыка замежных валют. Доля расійскага рубля будзе складаць 40%, а долі еўра і долара — да 30% кожная”.

Галоўнае:

Долар больш не будзе расці на 10 рублёў за дзень.

Што кажа эксперт:

 Іосуб: “З-за таго, што расійская валюта цяпер дастаткова дынамічна змяняецца то ўверх, то ўніз, мы сутыкнёмся з больш дынамічнай, чым гэта было да сярэдзіны снежня мінулага года, зменай беларускага рубля ў дачыненні да валют. Не выключаныя ваганні то ўверх, то ўніз. Сітуацыі, калі долар стабільна рос на 10 рублёў за дзень, ці не рос, больш не будзе. Мы адыходзім ад гэтага. Але трэба разумець, што будзем арыентавацца на валютны кошык, дзе доля расійскага рубля будзе толькі 40%. Гэта не значыць, што дынаміка змянення беларускага рубля будзе такая ж хуткая, як гэта адбывалася з расійскім рублём”.

Пры гэтым эканаміст азначае, што прывязка толькі да долара і нягнуткасць беларускага рубля на працягу амаль года і прывяла нас да дэвальвацыі.

Іосуб: “Падзенне расійскага рубля прывяло да рэзкага ўзмацнення беларускага рубля, гэта і стала прычынай панікі на валютным рынку, да рэзкага попыту імпарту з Расіі, а таксама пагаршэнню гандлёвага балансу. Цяпер мы бачым спробы гэта выправіць”.

Афіцыйна:

“… становяцца больш жорсткімі падыходы да выкарыстання золатавалютных рэзерваў для падтрымкі абменнага курса. Валютныя інтэрвенцыі будуць праводзіцца толькі для згладжвання пікавых ваганняў кошту кошыка замежных валют”.

Галоўнае:

Рэзкіх ваганняў беларускага рубля да долара быць таксама не павінна

Што кажа эксперт:

Штучная падтрымка рубля, як гэта было ў снежні 2014 года, вельмі дорага абыходзіцца для золатавалютных рэзерваў, па сутнасці, гэта была растрата рэзерваў.

“Ад такога механізма Нацбанк адмаўляецца. Рэзкіх ваганняў беларускага рубля да долара быць не павінна і скачкі на 700-800 рублёў за долар, як гэта было некалькі дзён таму, малаверагодныя”, — гаворыць Іосуб.

Афіцыйна:

“З 9 студзеня 2015 стаўка рэфінансавання павялічваецца на 5 працэнтных пунктаў і складзе 25 адсоткаў гадавых”.

Галоўнае:

Стаўкі па дэпазітах і крэдытах таксама вырастуць.

Што кажа эксперт:

Іосуб: “Зменяцца працэнтныя стаўкі па дэпазітах і крэдытах, якія непасрэдна прывязаныя да стаўкі рэфінансавання”.

Калі ўзгадаць сітуацыю, калі стаўка рэфінансавання змянялася, у прыватнасці апошні год яна толькі змяншалася, дык многія банкі своечасова змяншалі і стаўкі па дэпазітах у першую чаргу. Яны зніжаліся на 1-5%. А вось стаўкі па крэдытах банкі зніжалі не так ахвотна — 1-2%.

Афіцыйна:

“З 14 студзеня 2015 працэнтныя стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў зніжаюцца з 50 да 40 працэнтаў гадавых, стаўка па дэпазітах овернайт павышаецца да 20 працэнтаў гадавых. Верхняя мяжа па рублёвых укладах фізічных асоб пакуль захоўваецца на ўзроўні 50 працэнтаў, але па меры далейшай стабілізацыі сітуацыі таксама будзе змяншацца”.

Галоўнае:

Намёк, што дармаўшчына з дэпазітамі пад 50% праіснуе нядоўга.

Што кажа эксперт:

Іосуб: “Па сутнасці, ніхто з банкаў не мог адмовіцца ад дэпазіту ў 50%. Але тут даецца намёк, што гэта дармаўшчына (з дэпазітамі пад 50% на 35 дзён, — заўвага Еўрарадыё) праіснуе нядоўга. Пакуль стаўкі захоўваюцца. Таму, дарагія ўкладчыкі, нясіце свае грошы ў банкі, пакуль можна”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі