Перамовы па змяншэнні кошту шэнгена для беларусаў зноў "заблакаваліся"?

Перамовы па змяншэнні кошту шэнгена для беларусаў зноў "заблакаваліся"?

Ужо наступным летам украінцы і грузіны змогуць ездзіць у Еўропу без віз. Інфармацыя папярэдняя, але ўжо вядома, што 15 снежня Еўракамісія прадставіць справаздачу, у якой будзе станоўча ацэненае выкананне Кіевам і Тбілісі ўмоў для адмены віз.

Безумоўна, адмена віз не азначае, што ўкраінцы і грузіны змогуць спакойна ўладкоўвацца на працу ў краінах ЕС, але ў іх будзе магчымасць знаходзіцца там тры месяцы цягам паўгода. Я ўжо не кажу пра тое, што знікае патрэба візы атрымліваць і плаціць за іх грошы.

А што маюць беларусы ў візавым пытанні? І па сёння чэргі ў консульскія аддзелы і шэнген за 60 еўра. 

Перамовы па змяншэнні кошту шэнгена для беларусаў зноў "заблакаваліся"?

Беларусь сёння стаіць за Украінай і Грузіяй, адстае гадоў на 5 як мінімум. Але непакоіць той факт, што зноў заблакаваліся перамовы і нічога не чуваць па спрашчэнні візавага рэжыму

Эксперт BISS Андрэй Елісееў

“Беларусь сёння стаіць за Украінай і Грузіяй, адстае гадоў на 5 як мінімум, — разважае эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Андрэй Елісееў. Бо спачатку трэба запусціць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму (зменшыць кошт віз з 60 да 35 еўра — Еўрарадыё), потым пачакаць, пакуль краіне будзе прадстаўлены план дзеянняў па візавай лібералізацыі і пачаць яго выконваць. Рэальна гэта некалькі гадоў. Але непакоіць той факт, што зноў заблакаваліся перамовы і нічога не чуваць па спрашчэнні візавага рэжыму”.

Як так? Чакалася, што адпаведнае пагадненне будзе падпісанае на травеньскім саміце Усходняга партнёрства ў Рызе. Падпісання не адбылося, з  таго часу прайшло амаль 7 месяцаў, але інфармацыі, на якім этапе перамовы, на сёння практычна няма. Гэта пры тым, што не толькі краіны праграмы “Усходняе партнёрства” Грузія, Арменія, Азербайджан, Малдова і Украіна, але нават Расія ужо не адзін год маюць візы ў ЕС па 35 еўра. Звяртаюся па каментар у беларускі МЗС.

“Не ведаю. Нам ніякай інфармацыі на гэты конт не давалі, — кажа намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына.Я думаю, што праца ідзе ў гэтым кірунку”.

У пошуку адказу звяртаюся ў Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. Але і там атрымліваю дыпламатычны, але без канкрэтыкі адказ.

“Тэкст пагаднення ў асноўным узгоднены. Але ў той жа час застаецца пытанне тэхнічнага характару, па якім ЕС чакае прапаноў ад Беларусі”.

Гэта ўсё — без удакладненняў. Дыпламатыя! 

Перамовы па змяншэнні кошту шэнгена для беларусаў зноў "заблакаваліся"?

Бязвізавы рэжым патрабуе значных рэформ, звязаных са зменай сістэмы кіравання дзяржавай, кантролю над мяжой, барацьбы з карупцыяй. 

Палітычны дырэктар МЗС Украіны Аляксей Макееў

Тым не менш эксперты ўпэўненыя: рана ці позна пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС падпісанае будзе. Ці лёгка ў такім разе будзе дабіцца поўнай адмены віз для беларусаў? Вельмі нялёгка, расчароўвае палітычны дырэктар МЗС Украіны Аляксей Макееў.

Аляксей Макееў: “Бязвізавы рэжым патрабуе значных рэформ, звязаных са зменай сістэмы кіравання дзяржавай, кантролю над мяжой, барацьбы з карупцыяй. Гэта дастаткова комплекснае пытанне, бо патрабаванні Еўрасаюза вельмі строгія ў гэтым плане”.

Украіне трэба было прыняць некалькі дзясяткаў законапраектаў, каб выканаць патрабаванні ЕС, далучаецца да размовы Андрэй Елісееў.

“Але самым складаным стала прыняцце закона наконт роўнасці падчас прыёму на працу для сэксуальных меншасцяў. Законы, якія тычыліся сэксуальных меншасцяў у краіне, сустрэлі апазіцыю ў парламенце. Хаця раней кіроўная кааліцыя заяўляла, што гатовая прагаласаваць без праблем па ўсім пакеце законаў. А гэта важнае пытанне, бо ЕС не хоча, каб у іх быў наплыў прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў, якія просяць статус уцекача з прычыны прыгнятання на глебе іх арыентацыі”. 

Толькі выглядае, што і без сэксуальных меншасцяў шансы на бязвізавы рэжым у беларусаў мізэрныя. Дастаткова звярнуць увагу на словы Аляксея Макеева пра “рэформы, звязаныя са зменай сістэмы кіравання дзяржавай”. Добра хоць шэнгенскіх віз беларусам з кожным годам даюць усё больш: калі ў 2010 годзе іх выдалі 496 358, то ў 2014 — 880 189.

Фота: http://shengen.kiev.ua/, http://www.svaboda.org/, з архіва Аляксея Макеева

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі