Перад канцэртам у Мінску Вакарчук мусіць удакладніць: ці пусцяць яго ў Беларусь?

Перад канцэртам у Мінску Вакарчук мусіць удакладніць: ці пусцяць яго ў Беларусь?

Вырашыў загадзя зрабіць сабе падарунак і набыць квіток на канцэрт гурта “Океан Ельзи” — у Мінску яны акурат на мой дзень народзінаў 10 снежня. Так напісана на сайце ўкраінскай каманды. Толькі падумалася: а што калі лідара “Океана Ельзи” Святаслава Вакарчука не пусцяць у Беларусь памежнікі? Нехта скажа, што сітуацыя выглядае неверагоднай, але…

Паміж Беларуссю і Расіяй падпісанае адпаведнае пагадненне: мы не пускаем на тэрыторыю Беларусі замежнікаў, якія ўнесеныя ў расійскі “спіс асоб, уезд якіх на тэрыторыю РФ забаронены”, каб гэтыя “непажаданыя асобы” не праніклі ў Расію праз Беларусь.

25 красавіка ў Беларусь не пускаюць украінскага дэпутата Ігара Гузя. Усё з-за таго, ён у расійскім “чорным спісе”.

На наступны дзень, 26 красавіка, беларускія памежнікі спрабуюць не пусціць у Беларусь першага віцэ-спікера Вярхоўнай Рады Украіны, удзельніка перамоў Кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне Ірыну Герашчанка. Нягледзячы на тое, што ехала палітык у Мінск на пасяджэнне гэтай самай Кантактнай групы.

“Так, мне сапраўды афіцыйна забаронены ўезд у Беларусь. І калі я імчала з Бруселя ў Мінск, я ведала, што магу правесці ноч на стульчыку ў мінскім аэрапорце”, — піша ў Фэйсбуку Ірына Герашчанка 27 красавіка.

У афіцыйным лісце за подпісам начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксея Бегуна, які ў адказ на свой запыт атрымала амбасада Украіны напярэдадні пасяджэння Кантактнай групы і паездкі Ірыны Герашчанка ў Мінск, так проста і гаворыцца: “Па стане на 22 красавіка 2016 года грамадзянка Украіны ўключаная ў спіс асоб, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены альбо непажаданы па ініцыятыве кампетэнтных органаў Расійскай Федэрацыі”.

Пытанне вырашылі: далі Першаму віце-спікеру Вярхоўнай Рады дазвол да 25 мая наведваць Беларусь.

У эксклюзіўным каментарыі Еўрарадыё Першы віцэ-спікер Вярхоўнай Рады Украіны Ірына Герашчанка сітуацыю апісвае досыць дыпламатычна.

Перад канцэртам у Мінску Вакарчук мусіць удакладніць: ці пусцяць яго ў Беларусь?

“Мы разумеем, што гэта была ініцыятыва не Беларусі, а трэцяга боку. Ініцыятыва гэтая не толькі для таго, каб паспрабаваць адсячы спадарыню Герашчанка ад перамоўнага працэсу, але каб дыскрэдытаваць “мінскую пляцоўку” як нейтральную. Мы гэта разумеем. І таму рэакцыя наша была максімальна вытрыманая ў гэтай сітуацыі, але жорсткая. Бо, безумоўна, Украіна разглядае “Мінскі фармат” як вельмі важны перамоўны фармат: мы зацікаўленыя ў выкананні “Мінскіх пагадненняў” і ў тым, каб пляцоўка заставалася нейтральнай і спрыяла палітычна-дыпламатычнымі сродкамі вырашэнню канфлікту на Данбасе”.

Тым не менш, палітык раіць “кампетэнтным органам Беларусі” прыняць усе неабходныя рашэнні, каб больш такіх казусаў не здаралася.

“Паколькі яна знаходзіцца ў пастаянна дзеючай групе, то мы цяпер вырашаем пытанне, прынамсі разглядаем, аб тым, каб выключыць яе з беларускай часткі спісу… Ну, я маю на ўвазе, каб яна ў Беларусь без гэтых дазволаў прыязджала”, — запэўнівае Еўрарадыё начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.

І тлумачыць, што магчымасці такія ў беларускага боку ёсць.

Аляксей Бягун: “Пагадненне (з Расіяй) дазваляе нам дапускаць на тэрыторыю краіны асобу, якая ўнесеная ў спіс. Але мы павінны прадпрыняць меры, каб гэтая асоба на тэрыторыю іншай краіны не з’ехала, і самі павінны забяспечыць кантроль за яе знаходжаннем на тэрыторыі Беларусі”.

Чаму беларускія памежнікі не пайшлі насустрач Ігару Гузю, а завярнулі на мяжы?

“Калі ён (Ігар Гузь, — Еўрарадыё) ведаў, што ён знаходзіцца ў расійскім спісе, ён павінен быў загадзя напісаць, патлумачыць мэты свайго знаходжання ў Беларусі, пры гэтым, прымаючы бок павінен быў звярнуцца. Тады было б прынятае рашэнне: пускаць яго на тэрыторыю краіны ці не пускаць”, — тлумачыць сітуацыю Аляксей Бягун.

Праўда, сам удакладняе: беларускі бок паведамляе чалавеку, унесенаму ў адпаведны “беларускі чорны спіс”, што ўезд у Беларусь забаронены. У расіян іншы падыход.

Бягун: “Не заўжды яны гэта робяць. Я ведаю дакладна. У гэты спіс трапляюць нават замежнікі, якія жывуць у Беларусі, і часам парушаюць расійскае заканадаўства. Потым нам прыходзіць паведамленне, мы іх запрашаем, бярэм распіску, што яны абяцаюць не ўязжаць у Расійскую Федэрацыю, і гэтак далей”.

Ігар Гузь пра тое, што ён неўязны ў Расію і, адпаведна, у Беларусь нічога не ведаў. Ірына Герашчанка зразумела гэта выпадкова: “Мы зразумелі яшчэ некалькі тыдняў таму, калі падчас апошніх паездак у Мінск уся наша маленькая ўкраінская дэлегацыя чакала па 40 хвілін на пашпартным кантролі пакуль мой дыпламатычны пашпарт “не сканаваўся”. Памежнікі-мытнікі хавалі вочы, бегалі за начальнікам змены, званілі некуды і, каб пазбегнуць скандалу, давалі разавы дазвол на ўезд у краіну”, — тлумачыць Герашчанка.

Дык а што з лідарам гурта “Океана Ельзи” — раптам і ён неўзяны ў Расію і Беларусь, і не ведае пра гэта? Сказаць гэта мне, журналісту, Аляксей Бягун не можа: “таямніца персанальных дадзеных”. Скажуць толькі асабіста Вакарчуку ці арганізатарам канцэрта “Океана Ельзи” ў Мінску. А што далей? “Мы можам дапусціць на тэрыторыю краіны, калі ёсць адпаведны зварот”, — адказвае кіраўнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі. Ёсць толькі адно “але”: па прыездзе ў Беларусь такі дапушчаны ў нашу краіну “чорнаспісачнік” мусіць даць адно абяцанне.

Аляксей Бягун: “Мы павінны узяць пісьмовае абавязальніцтва, дзе ён азнаёміцца з крымінальнай адказнасцю, якая дзейнічае ў РФ за ўезд на тэрыторыю краіны. Я думаю, чалавек, які падпісаў, павінен быць… дрэнна думаючым, каб паехаць адразу ў турму”.

Перад канцэртам у Мінску Вакарчук мусіць удакладніць: ці пусцяць яго ў Беларусь?

Дарэчы, па словах Ірыны Герашчанка, яна ніякіх папер з абавязальніцтвамі не ехаць з Мінска ў Расію не падпісвала. Адно дадае: пра сітуацыю са спробай не пусціць яе на перамовы Кантактнай групы даведаўся ўвесь свет, што дрэнна ўплывае на “міратворчы імідж” нашай краіны. “Мы спадзяёмся, што гэта сапраўды будзе нейтральная пляцоўка”, — кажа Ірына Герашчанка.

Можа, Мінску варта было б уважліва праглядзець той расійскі “чорны спіс” і людзей, якія не нясуць пагрозы Беларусі, пускаць у нашу краіну? Узяўшы распіску, што ў Расію не паедуць?

Аляксей Бягун: “У спісе цяпер больш за 1 мільён персанальных дадзеных людзей! Кожны запіс унікальны і не паўтараецца. Больш за 1 мільён! Як, каго правяраць там?!”

Такім чынам, арганізатарам мінскага канцэрта “Океана Ельзи” лепш напярэдадні даведацца, ці не будзе праблем на мяжы.

Фота: Еўрарадыё, www.belaruspartisan.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі