Педуніверсітэт не працягнуў кантракт з лідарам “Троіцы” Іванам Кірчуком

Педуніверсітэт не працягнуў кантракт з лідарам “Троіцы” Іванам Кірчуком

Вядомы беларускі фалькларыст і лідар этна-трыа “Троіца” Іван Кірчук завяршае выкладчыцкую дзейнасць у педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. З даследчыкам, які 19 гадоў адпрацаваў на кафедры этнаграфіі і этналогіі, не працягнулі кантракт:

“Няма аўдыторыі, няма гадзін, прадмета, а яшчэ і некалькі гадоў да пенсіі засталося. Але не вельмі прыемна, што ніхто не паразмаўляў, нібыта як маладога спецыяліста на падворак выкінулі, — кажа ў размове з Еўрарадыё Іван Іванавіч. — Гаворка ідзе ж не пра грошы, бо ўсім вядома, колькі зарабляюць у краіне выкладчыкі. Гаворка ідзе пра тое, што кабінет, які працаваў там 19 гадоў, прыносіў славу і кафедры, і ўніверсітэту за кошт таго, што студэнты рабілі цікавыя праграмы, і я заўсёды пісаў справаздачы пра працу “Троіцы” у розных краінах свету, цяпер гэта аказалася непатрэбным”.

Аўдыторыю, у якой месціўся “музей” Івана Кірчука, праходзілі заняткі са студэнтамі і рэпетавала “Троіца”, універсітэт забраў яшчэ 8 гадоў таму і аддаў студэнтам-спартсменам. Пасля гэтага легендарнаму музыку даводзілася пераязджаць з кабінета ў кабінет з усімі сваімі скарбамі, з дапамогай якіх Кірчук са студэнтамі рэканструявалі старажытныя беларускія абрады. Пазней “цацкі” былі адвезеныя на лецішча. Цяпер ва ўніверсітэце з’явіўся факультэт эстэтычнай адукацыі, знікла кафедра фалькларыстыкі і, адзначае Кірчук, фальклор перастаў быць патрэбны наогул.

Пра тое, што “музей” музыкі месціцца на лецішчы, даведаўся Інстытут культуры Беларусі. Кірчуку далі кабінет, выкладчыцкія гадзіны. І 12 сакавіка ўдзельнікі “Троіцы” дапамаглі свайму “бацьку-заснавальніку” перавезці інструменты, лялькі, ручнікі, адзенне, батлейку, 2000 дыскаў у новы кабінет.

“Усё ж павінна працаваць, а не вісець на сцяне. Гэта не музей, а лабараторыя, дзе ўсё працуе. Вядома, што я прывык працаваць са студэнтамі цягам 4-5 гадоў, калі можна было шмат чаго ім распавесці і навучыць. Сюды прыязджаюць слухачы на два тыдні. Але спадзяюся, усё атрымаецца”.

Дарэчы, 8 красавіка ў Маладзёжным тэатры эстрады этна-трыа "Троіца" дасць вялікі сольны канцэрт. Даведкі па тэлефонах: +375 (44) 5517706, +375 (29) 8517706. Квіткі можна набыць тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі