"Паўстанцы" з "Правага сектара" адмаўляюцца складваць зброю (відэа)

У Закарпацкай вобласці Украіны працягваецца супрацьстаянне групы байцоў "Правага сектара" (ад 12 да 20 чалавек) і сілавікоў. Учора ў горадзе Мукачава адбылася перастрэлка паміж узброенымі нацыяналістамі і людзьмі дэпутата Вярхоўнай Рады, бізнесмена Міхаіла Ланьё (ПС называе яго крымінальным аўтарытэтам). Міліцыя выступіла на баку апошняга. Нібыта, прычынай спрэчкі стала кантрабанда праз мяжу. Па адной версіі, ПС яе спрабаваў спыніць, што не падабалася крыміналітэту, па іншай — хацеў атрымаць частку гэтага "бізнесу". У выніку былі забітыя і параненыя, а байцы "Правага сектару" на джыпах вырваліся з горада. На выездзе яны расстралялі з кулямётаў і гранатамётаў тры міліцэйскія аўтамабілі, якія перакрылі дарогу. Аднак у далейшым гэтую групу ПС акружылі, па адных звестках, на аўтазапраўцы, па іншых — у лесапаласе. Складваць зброю без загаду камандавання "Правага сектара" яны адмаўляюцца. Ім абяцаюць, што іх завязуць у Кіеў для правядзення аб'ектыўнага расследавання.

З'явілася аператыўнае відэа стральбы ў Мукачава

Інфармацыя пра забітых і параненых супярэчлівая. Загінулі 2 ці 3 чалавекі (сярод іх — 2 байцы "Правага сектара"), параненыя 9-14 чалавек, а сярод іх 6 праваахоўнікаў і выпадковыя прахожыя.

СБУ заявіла, што праводзіцца эвакуацыя жыхароў вёскі, каля якой была акружаная група байцоў "Правага сектара". Як стала вядома, сярод апошніх ёсць франтавікі, якія ваявалі на Данбасе супраць прарасійскіх баевікоў.

Яшчэ ўчора ў розных гарадах Украіны, у тым ліку і ў Кіеве, пачаліся акцыі пратэсту, арганізаваныя нацыяналістамі. Яны патрабуюць адстаўкі міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава. Раніцай стала вядома, што на месца падзеяў выехалі кіраўнік "Правага сектара" Дзмітрый Яраш, камандзір Добраахвотнага ўкраінскага корпусу "Правы сектар" Андрэй Стэмпіцкі і кіраўнік партыі ПС Андрэй Тарасенка. Яны збіраюцца паспрыяць забеспячэнню правядзення аб'ектыўнага расследавання. У заяве кіраўніцтва арганізацыі адзначаецца, што байцы ў Мукачава дзейнічалі ў рамках неабходнай абароны. "Правы сектар" заклікае арыштаваць вінаватых у трагедыі (у тым ліку і Міхаіла Ланьё), звольніць кіраўнікоў праваахоўных органаў Закарпацкай вобласці і міністра ўнутраных спраў.


 

Фота: АР, ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі