Пашкевіч: Альтэрнатыўная служба будзе горшай, чым "хімія" для асуджаных

Да канца года ў Беларусі можа запрацаваць закон "Аб альтэрнатыўнай службе". Ён ужо прыняты дэпутатамі, застаўся толькі подпіс прэзідэнта. Альтэрнатыўная служба заўсёды была прапісаная ў Канстытуцыі. Але спатрэбіўся 21 год, каб гэты прабел у заканадаўстве быў ліквідаваны. Кіраўнік грамадскай кампаніі “За альтэрнатыўную службу” Міхаіл Пашкевіч аналізуе прыняты закон.

Еўрарадыё: Прызыўнікі будуць праходзіць альтэрнатыўную службу на працягу 3 гадоў, а з вышэйшай адукацыяй — 2 гады, то бок роўна ў 2 разы болей, чым звычайныя прызыўнікі. Такое ўражанне, што гэта не альтэрнатыўная служба, а пакаранне. Як вы лічыце, ці не спецыяльна гэта рабілася, каб мала хто з прызыўнікоў пагаджаўся скарыстацца такой альтэрнатывай?

Міхаіл Пашкевіч: Аўтары законапраекта і Міністэрства абароны не адмаўляюць таго, што яны не хочуць падрываць праз альтэрнатыўную службу прэстыж вайсковага абавязку. Таму пастаянна ад іх мы чулі: “Вось бачыце, умовы звычайнага салдата няпростыя, а вы хочаце, каб чалавек і служыў такі ж тэрмін, але пры гэтым заставаўся дома. Такога не будзе”. Дарэчы, пра гэта казаў і былы кіраўнік камісіі па абароне, які цяпер працуе сакратаром Савета бяспекі, а кіраўнік Міністэрства абароны наўпрост сказаў, што яны не будуць рабіць гэты закон прывабным.

Калі я у свой час адбываў хімію па адной справе, і калі прачытаў тэкст законапраекта "Аб альтэрнатыўнай службе" пасля першага чытання, то сказаў, што мне на маёй хатняй хіміі было прасцей. Таму што я мог заўсёды ўладкавацца на нейкую працу, я мог заўсёды змяніць гэтую працу, і нарэшце, што тычыцца фінансавай незалежнасці, я быў у больш выгадных умовах, чым любы прызыўнік, якога накіруюць на фіксаваны заробак. І больш за тое, я меў магчымасць атрымаць там датэрміновае вызваленне, патрапіць пад амністыю. Любы чалавек, які трапіць пад крымінальнае пераследаванне, не даходзячы да цяжкіх артыкулаў, у прынцыпе, будзе ў лепшым становішчы, чым той, які згадзіўся на альтэрнатыўную службу, у сённяшняй рэдакцыі закона.

Еўрарадыё: На якія недапрацоўкі ў законапраекце вы б яшчэ звярнулі ўвагу?

Міхаіл Пашкевіч: Па-першае, сама падстава для альтэрнатыўнай службы. Законатворцы пакінулі толькі рэлігійныя перакананні. Мы лічым, што гэта аўтаматычна звужае базу закона, гэта тыя сто чалавек, пра якіх пастаянна кажуць. Але што рабіць чалавеку, які не хоча ісці ў войска, але не належыць да рэлігійных арганізацый, а гэта абсалютная большасць беларускай моладзі. Нават з сённяшнімі тэрмінамі, якія прапануюць заканадаўцы, сама прычына, сама магчымасць атрымаць службу ўжо сфармулявана максімальна дыскрымінацыйна.

Таксама пытанне: хто і як будзе вымяраць гэтыя рэлігійныя перакананні? Гаворыцца пра тое, што будуць запрашаць прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый. Хутчэй за ўсё, яны будуць супрацоўнічаць з камітэтамі па справах рэлігіі, калі што, супрацоўнічаць з усімі дзейнымі канфесіямі Беларусі. Мы ў свой час з беларускімі чыноўнікамі былі ў Малдове, дзе дзейнічае менавіта такая рэдакцыя закона як у нас. У гэтай краіне развіўся новы бізнес, калі проста прадаваліся дакументы ад розных цэркваў, зарэгістраваных у Малдове, пра тое, што чалавек з’яўляецца вернікам і не можа трымаць зброю ў руках.

Зразумела, што прызыўнік, у якога галава на плячах, калі ўжо не будзе іншага выйсця і захоча трапіць на альтэрнатыўную службу, то зможа распавесці, што ён праваслаўны і не хоча браць зброю ў рукі. Цяпер галоўнае, што ў яго ў прынцыпе будзе магчымасць не служыць у войску.

Улада разлічвае, што законам за год скарыстаюцца да ста чалавек. Мы адкрылі старонку біржы працы на сайце Міністэрства працы і ўбачылі, наколькі не хапае тых жа санітараў у сталіцы. І акурат “альтэрнатыўшчыкі” маглі б працаваць нават за нефіксаваны заробак, на тыя ж два-тры мільёны і не на шасцідзённы працоўны тыдзень, які цяпер прапісаны ў гэтым законе, а на нармальны пяцідзённы. І мы зрабілі рассылку сярод дэпутатаў і па міністэрствах: “Людзі, вы не можаце знайсці каля дзвюх тысяч працоўных месцаў у шпіталях на звычайныя заробкі, вы думаеце, што знойдзеце тых, хто будзе працаваць яшчэ за меншыя грошы?”

Зразумела, што гэты закон сёння і задуманы, і прымаўся ў самым непрацоўным варыянце, каб проста ён быў, каб можна было паказаць яго Савету Еўропы ці камусьці яшчэ, што ў нас ёсць нейкі прагрэс.

Наша дзяржава магла б выйграць удвая, таму што ў пытанні альтэрнатыўнай службы на Беларусь ніхто не ціснуў. Гэта ў прынцыпе не самая актуальная тэма для Еўропы. Але заўсёды можна сказаць, што мы пайшлі насустрач веруючым і далі магчымасць ім праходзіць альтэрнатыўную службу.

Фота: charter97.org

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі