Пасажыры ігнаруюць цягнік у аэрапорт: саставы ходзяць пустымі (фота)

Цягнік з “Мінска-Пасажырскага” у Нацыянальны аэрапорт “Мінск” ходзіць пяць разоў на суткі: у 5,35; 8,45; 12,20; 16,30 і 20,25. Адкрылі лінію 7 лістапада 2014-га, праз паўтара года пасля даручэння кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі “неадкладна распрацаваць праект”. Кошт праезду — 25 тысяч. Самы танны спосаб на сёння. Аўтобус каштуе 33 тысячы, на таксі можна даехаць за 400-500 — як пашанцуе дамовіцца.

Цягнік польскай вытворчасці адпраўляецца з другога пуці другой платформы. Усё навюткае, свежае паветра, зручныя крэслы, маніторы, цёпла, утульна. Толькі пасажыраў няма. Разам са мной едзе каля 15 чалавек. Прычым, з іх да самага аэрапорта з перасадкай у аўтобус толькі… 7! “Неверагодная” эфектыўнасць для цягніка, які змяшчае ажно 418 пасажыраў.

У будынак аэрапорта да зоны вылетаў выходжу ў 9.50. Роўна праз гадзіну і пяць хвілін з моманту адпраўлення з вакзала. Аўтобусы даязджаюць за гадзіну, маршруткі за 40 хвілін, таксоўкай можна дабрацца за паўгадзіны.

Магчыма, мне не пашанцавала і я трапіў на той цягнік, які “ахоплівае” малую колькасць рэйсаў? Аднак на маніторах аэрапорта адкрытая пасадка адразу на тры рэйсы: у Амстэрдам, Рым і Маскву. Яшчэ тры, у Пецярбург, Прагу і Берлін, на падыходзе. Так што, тэарэтычна, пасажыраў у цягніку павінна было быць значна больш.

“Неадкладна распрацаваць праект, — загадваў Лукашэнка ў красавіку 2013 года на сустрэчы з генеральным дырэктарам швейцарскай кампаніі "Штадлер Рэйл Груп" Петэрам Шпулерам. — Мы пра гэта даўно ўжо гаварылі… Нам туды абавязкова трэба. Магчыма, недзе ўвогуле прыпыніць праекты дзяржаўнай праграмы, а туды накіраваць сродкі, каб забяспечыць рух пасажырапатоку. У аэрапорт і назад. Гэта вельмі важна. Да моманту паставак электрацягнікоў у Маскву ў нас ужо свая будзе чыгунка. І мы зможам карыстацца ёй. У аэрапорт і назад. Гэта вельмі важны праект, ён нам вельмі патрэбны. Каб у 2014 годзе, хаця б у пачатку 2015 года, мы маглі заехаць у аэрапорт на электрычцы. І людзі скажуць нам за гэта дзякуй. Не такія ўжо вялікія грошы, калі проста па-гаспадарску за гэта ўзяцца”.

Што зроблена ў выніку па стане на люты 2015 года.

Электрыфікацыі чыгуначнай лініі не адбылося. Замест беларуска-швейцарскіх электрычак па маршруце курсуюць дызель-цягнікі польскай вытворчасці. Для арганізацыі руху выкарыстаная старая чыгунка, якая служыць у асноўным для падвозу цыстэрнамі паліва для самалётаў. Ад станцыі да аэрапорта пасажыраў давозіць адмысловы аўтобус.

Ва Упраўленні Беларускай чыгункі Еўрарадыё не здолелі адказаць, на колькі загружаны цягнік, што курсуе ў аэрапорт, але адзначылі, што змяншаць ці павялічваць колькасць рэйсаў не плануецца.

Як будавалі чыгунку ў аэрапорт, храналогія.

1. Красавік 2013 года, Лукашэнка заяўляе пра неабходнасць пусціць электрычкі ад станцыі Мінск-Пасажырскі да Нацыянальнага аэрапорта “Мінск”.

2. Лістапад 2013 года, кіраўнік службы тэхнічнай палітыкі і інвестыцый “Беларускай чыгункі” Андрэй Алейнік кажа, што “ўдакладняюцца ўсе звязаныя з арганізацыяй пасажырскіх зносін пытанні. Ідзе, што называецца, папяровая, падрыхтоўчая частка работ. Мы атрымліваем адпаведныя дазволы, узгадняем планы. І вось-вось высунемся на месца ўжо з рабочымі і тэхнікай”.

3. Лістапад 2014 года, з чыгуначнага вакзала ў аэрапорт “Мінск” адправіўся першы цягнік.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі