Паротнікаў: Ідзе падрыхтоўка да распачацця крымінальнай справы супраць Данкверта

Паротнікаў: Ідзе падрыхтоўка да распачацця крымінальнай справы супраць Данкверта

7 лютага МУС Беларусі аб'явіла, што праводзяцца даследчыя праверкі па дзейнасці "асобных службовых асоб" з "Рассельгаснагляду". Збіраюцца дадзеныя пра страты беларускіх прадпрыемстваў, якім неабгрунтавана абмяжоўвалі пастаўкі прадукцыі з Беларусі ў Расію, пра якія распаўсюджвалі інфармацыю, што дыскрытытавала беларускіх вытворцаў. Доказы, якія будуць сабраныя, перададуць у Следчы камітэт для дачы прававой ацэнкі.

Такім чынам, чаканага абвяшчэння, што ў адносінах кіраўніка "Рассельгаснагляду" Сяргея Данкверта распачатая крымінальная справа, не адбылося. Як вядома, даручэнне міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу пасадзіць у следчы ізалятар Данкверта 3 лютага публічна даў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў у аўторак у жывым эфіры Еўрарадыё пракаментаваў інфармацыю Міністэрства ўнутраных спраў:

"Гэта фактычна падрыхтоўка да распачацця крымінальнай справы супраць гэтай асобы. Я хачу нагадаць, што Лукашэнка аддаў загад распачаць крымінальную справу, а не праводзіць праверку. Гэта адзначае, што МУС павінна за вызначаны законам тэрмін (гэта не больш за месяц) сабраць матэрыялы, дастаковыя для распачацця крымінальнай справы".

Паводле слоў Паротнікава, з гэтых матэрыялаў мусіць вынікаць, што дзеяннямі расійскага чыноўніка "нанесены матэрыяльны, маральны, фізічны ўрон беларускім гаспадарчым суб'ектам, фізічным асобам ці беларускай дзяржаве". Эксперт лічыць, што калі крымінальная справа супраць Сяргея Данкверта будзе распачатая, "гэта будзе палітычнае рашэнне аднаго чалавека". У Расіі ж такі крок могуць успрыняць як выклік, мяркуе Андрэй Паротнікаў. Усё ж такі Данкверт — чыноўнік высокага федэральнага ўзроўню. Сам факт, што гэтае пытанне ўзнікла, сведчыць пра складаныя палітычныя адносіны паміж Мінскам і Масквой. "Мы можам атрымаць паўнавартасную халодную вайну", — кажа эксперт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі