Парламент Каталоніі прагаласаваў за незалежнасць ад Іспаніі

Парламент Каталоніі прагаласаваў за незалежнасць ад Іспаніі

27 кастрычніка парламент Каталоніі прагаласаваў за незалежнасць ад Іспаніі. Як інфармуе "Бі-Бі-Сі", з 135 дэпутатаў 70 падтрымалі незалежнасць, супраць прагаласавалі 10, устрымаліся 2. Астатнія дэпутаты (атрымліваецца больш за 50 чалавек) байкатавалі галасаванне.

У чацвер кіраўнік ураду Каталоніі Карлес Пучдэмон заявіў, што ў рэгіёне не будуць праводзіцца датэрміновыя выбары, як патрабуе Мадрыд. Пучдэмон прапанаваў парламенту зрабіць наступны крок і ён яго сёння зрабіў. Як вядома, 1 кастрычніка ў Каталоніі, нягледзячы на перашкоды іспанскіх сілавікоў, прайшоў рэферэндум. Большасць яго ўдзельнікаў выказаліся за незалежнасць. У наступныя тыдні каталонскія ўлады спадзяваліся на перамовы з Мадрыдам. Была падпісаная дэкларацыя незалежнасці, але яна не набыла сілы. Цяпер жа Каталонія аб’явіла незалежнасць. У Барселоне праходзіць шматтысячны мітынг за незалежнасць.

Улады Іспаніі папярэджвалі, што жорстка адрэагуюць на абвяшчэнне рэгіёнам незалежнасці. Прэм’ер-міністр Іспаніі Марыяна Рахой назваў рашэнне каталонскага парламента “злачынным учынкам”. А іспанскі Сенат зацвердзіў выкарыстанне 155-га артыкула канстытуцыі Іспаніі — Мадрыд адхіляе ад улады каталонскі ўрад, прызначае прадстаўнікоў цэнтральных уладаў, датэрміновыя выбары ў рэгіянальны парламент.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі