Памежнікі: Проста менеджары “Партызана” ўпусцілі пытанне пра страхоўкі

17 жніўня футбалісты сербскага футбольнага клуба “Партызан” затрымаліся на 2 гадзіны ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск”. Прычынай стала адсутнасць медыцынскіх страховак у сербскіх футбалістаў. Па інфармацыі сербскіх журналістаў, некалькі прадстаўнікоў каманды спакойна прайшлі пашпартны кантроль. І толькі калі да памежнікаў падышлі гульцы ў фірмовай вопратцы клуба, паўстала пытанне са страхоўкамі.

На афіцыйным сайце "Партызана" з непаразуменнем адзначаецца:

"Гэтая медыцынская страхоўка настолькі "абавязковая", што пару чалавек з самалёта, сяброў клуба, якія першымі падышлі на пашпартны кантроль, прайшлі ўсё без праблем... Гэтая скандальная сітуацыя не павінна заставацца незаўважанай, бо ў амбасадзе Беларусі ў Бялградзе прадстаўнікам клуба дакладна патлумачылі, што абавязкова патрэбна для ўезду ў краіну (дзеючы пашпарт), а што не (віза і ўсё астатняе для тых, у каго сербскія пашпарты). Акрамя таго, для каманд, што ўдзельнічаюць у матчах пад эгідай УЕФА, заўсёды дзейнічае асаблівы статус, які адрозніваецца ад статуса "звычайнага падарожніка"".

Галоўны трэнер “Партызана” Зоран Мілінкавіч не стаў чакаць, пакуль уся каманда аформіць полісы, і паехаў на прэс-канферэнцыю ў Барысаў. Там ён заявіў, што быў занепакоены інцыдэнтам у аэрапорце:

“Шчыра кажучы, для нас гэта стала непрыемным сюрпрызам. Бо гаворка ідзе пра футбольную каманду, якая прыляцела ў Беларусь па цалкам зразумелых прычынах, і, зразумела, мы не чакалі, што могуць узнікнуць нейкія праблемы. Нашых гульцоў пратрымалі на мяжы дзве гадзіны. Вядома, мяне ўсхвалявала гэтая сітуацыя. Калі б камандзе давялося чакаць больш, я звярнуўся б у пасольства Сербіі. Мы ж так да канца і не зразумелі, у чым справа. Гаворка ішла пра нейкае страхаванне. Па сутнасці, фармальнасць”.

У прэс-службе Дзяржаўнага памежнага камітэта Еўрарадыё тлумачаць, што "партызаны" прыляцелі без абавязковых медыцынскіх страховак. І гэтую фармальнасць давялося вырашаць на месцы, хоць купіць іх яны маглі загадзя.

“Ёсць пакет дакументаў, неабходных для ўезду ў краіну. Проста, ці менеджары, ці тыя, хто займаўся паездкай каманды, гэтае пытанне ўпусцілі. Яго аператыўна вырашылі ў аэрапорце. Тое, што дзве гадзіны — відаць, аформіць страхоўкі на цэлую каманду хутчэй не атрымалася”, — заявілі ў ведамстве.

У прэс-службе таксама звярнулі ўвагу на тое, што асобы з каманды, якія хутка прайшлі пашпартны кантроль, проста мелі страхавыя полісы, а тым, хто не меў, давялося афармляць. Ніякіх дадатковых пытанняў ці прэтэнзій да футбалістаў не было.

“У нас няма ніякіх выключэнняў з правілаў, з пункту гледжання ўезду на тэрыторыю Беларусі. Ёсць закон аб парадку ўезду, выезду і знаходжання, і там усё выразна прапісана”, — адзначылі ў ведамстве.

У пасольстве Беларусі ў Белградзе таксама ўскладаюць віну за затрымку футбалістаў падчас кантролю на тых супрацоўнікаў сербскай каманды, якія мусілі займацца афармленнем дакументаў:

“Гэта менеджар сербскай каманды мусіў турбавацца і купіць для сваіх гульцоў і іншых супрацоўнікаў страхоўкі. На сайце пасольства і на сайце МЗС пра гэта паведамляецца. Паведамляецца і тым, хто звяртаецца ў пасольства”.

Непасрэдна ў самім Нацыянальным аэрапорце патлумачылі, што тыя пасажыры, якім не патрэбная беларуская віза, абавязаны аформіць у аэрапорце пасля прылёту страхоўку ці прадставіць свой міжнародны страхавы поліс, які быў бы сапраўдны на тэрыторыі Беларусі, з сумай пакрыцця не менш за 10 тысяч еўра.

“Цяпер грамадзяне, якія прыязджаюць да нас з візай, яны тут страхоўку не набываюць. Таму, што на нашых пасольствах у іншых дзяржавах ляжыць абавязак праверыць наяўнасць страхавога поліса падчас выдачы візы”, — заявіла прадстаўніца пашпартнага кантролю Нацыянальнага аэрапорта.

Галоўны трэнер “Партызана” у адказ паабяцаў, што БАТЭ ў Бялградзе сустрэнуць інакш:

“Магу гарантаваць, што БАТЭ, калі адправіцца ў Сербію, пройдзе нашу мяжу за пяць хвілін”.

Нагадаем, першы матч плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў паміж БАТЭ і "Партызанам" пройдзе 18 жніўня на Барысаў-Арэне. Гульня ў адказ ― праз тыдзень у сербскай сталіцы. Пераможца па выніку дзвюх гульняў трапляе ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў, другая каманда ― у Лігу Еўропы.

Фота: sr.partizan.rs

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі