Палітыка па-беларуску: У Мінюсце зарэгістраваныя партыі-фантомы?

У нас няма такой партыі тут. Лісты нам прыходзяць — мы іх адпраўляем назад”, — здзіўляе Еўрарадыё Уладзімір Федзюковіч, намеснік дырэктара цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках. У іх будынку, паводле звестак Мінюста, знаходзіцца Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды.

Выйсці на след гэтай “палітычнай сілы”, відаць, цяжэй, чым знайсці арыгінал Крыжа Ефрасінні Полацкай. У сеціве няма іх сайта, у сацсетках — хоць якой-небудзь суполкі, у СМІ — хоць бы аднаго інтэрв'ю. Але СДПНЗ афіцыйна зарэгістраваная Мінюстам, як і 14 іншых партый-канкурэнтаў.

Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды згубілася ў памяшканнях Палацу шахмат і шашак

Падобная гісторыя і з Беларускай патрыятычнай партыяй. Іх нумароў тэлефона няма нават у даведачных службах. БПП мае абсалютна рэальнага кіраўніка — казачага Вярхоўнага атамана Мікалая Улаховіча, які цалкам падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Усё, што ёсць у сеціве пра партыю, гэта інфармацыя пра вылучэнне невялікай колькасці назіральнікаў на выбарах і скаргі ад некаторых казакоў пра прымусовае ўцягванне ў БПП.

Мікалай Улаховіч на мерапрыемстве ў мінскім Доме Масквы

Яшчэ адзін фантом — Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя. Падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі БССП, пра якую мала хто чуў, вылучыла 471 (!) назіральніка. Пры гэтым партыя ніколі не заяўляла пра жаданне займець хоць аднаго свайго дэпутата ў Палаце прадстаўнікоў. І гэта пры тым, што лідар Уладзімір Александровіч таксама цалкам падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. Заяўляецца, што ў спартыўнай партыі блізу 2,5 тысячы чалавек. Але пра якую папулярнасць можна казаць, калі ў палітычнай сілы няма ні сайта, ні суполак у сацсетках, ні дэпутата ў парламенце!

Дзейны віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы з’яўляецца старшынёй яшчэ адной прапрэзідэнцкай Беларускай аграрнай партыі. Чыноўнік узначаліў БАП у 2008 годзе, каб вывесці яе з крызісу. Але палітычная сіла дагэтуль не мае нават найпрасцейшага інтэрнэт-сайта. Напэўна, паветранае судна з крутога піке так і не выйшла.

Кар'ера Міхаіла Русага (першы справа) імкліва развіваецца. Што не скажаш пра яго партыю

Лідар Рэспубліканскай партыі: у нас 10 тысяч чалавек, а што!

Паводле звестак Ігара Катлярова, дырэктара Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, рэйтынг любой беларускай палітычнай партыі — у межах сацыялагічнай памылкі. Выглядае, што калі палітычная сіла мае хаця б інтэрнэт-сайт, то гэта па беларускіх мерках ужо заяўка на нешта сур'ёзнае.

Ліберальна-дэмакратычная партыя пацвярджае наяўнасць вэб-старонкі колькасцю членаў (не менш за 45 тысяч чалавек). Для сацыялагічнай памылкі гэта выглядае фантастычна.

Запаўняецца анкета — і ў партыю ўступаюць усе, хто хоча. Няма ніякіх абмежаванняў. А на кіруючыя ролі, пачынаючы ад каардынатараў нейкага раёна, ужо глядзім каго прызначаць, — тлумачыць сістэму намеснік кіраўніка ЛДБП Алег Гайдукевіч. — Хто піша заяву на ўступленне анлайн, усе выклікаюцца да нас у партыю. Калі чалавек не можа прыехаць, напрыклад, далёка жыве, мы яму можам па пошце пераслаць партыйны білет. У нас скураныя прыгожыя партыйныя білеты, з подпісам кіраўніка партыі і пячаткай. Прыгожая кніжачка, каб чалавеку было прыемна яго ў руках трымаць і камусьці паказаць”.

Рэспубліканская партыя (вы чулі пра такую?) таксама мае афіцыйны сайт, але ў стылі 90-х і на дамене RU. Лепш чым нічога.

Кіраўнік РП Уладзімір Белазор таксама здзіўляе Еўрарадыё колькасцю сябраў— каля 10 тысяч чалавек.

А што? У Мінску, Магілёве, Брэсце, у Бабруйску шмат нашых сябраў. Дзесьці 30, дзесьці 20, дзесьці 70, 50. Пытанне ў тым, якія ўмовы ёсць для дзейнасці і актывізацыі палітычных партый у Беларусі. Так?” — ставіць рытарычнае пытанне Белазор.

Амаль такую ж лічбу (9830 сябраў) называе Васіль Задняпраны — лідар Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Палітык распавядае, што РППіС выступае за падтрыманне сувязяў з Еўразійскім саюзам і актыўна супрацоўнічае са “Справядлівай Расіяй” Міронава.

Спрабуем праз еўрапейскія структуры змякчыць санкцыі, якім падвяргаюць нашы краіны”, — распавядае пра супрацоўніцтва з расіянамі Задняпраны.

А вось Камуністычную партыю Беларусі складана абвінаваціць у тым, што яна не мае прыхільнікаў. У КПБ сцвярджаюць, што паводле апошніх дадзеных, якія падаваліся ў Мінюст, колькасць сябраў — каля 6500. Дарэчы, што цікава, гэта прадзяржаўная партыя мае даволі прасунутую вэб-старонку і выпускае друкаваную газету “Коммунист Беларуси” накладам 2000 асобнікаў.

З цяжкасцю верыцца, што ў шэрагі КПБ магло прыйсці менш людзей, чым у партыі, пра якія ніхто не ведае. Але, як паведамілі Еўрарадыё ва Упраўленні па пытаннях некамерцыйных арганізацый Мінюста, лічбу па колькасці беларусаў, якія ўваходзяць у палітычныя партыі, у апошнія гады не выводзяць.

Якія лічбы называюць апазіцыянеры?

Паводле дадзеных Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, рэйтынг даверу апазіцыйных партый у грамадстве меншы за 19%.

У Аб’яднанай грамадзянскай партыі крыху больш за 3600 сябраў, — кажа лідар АГП Анатоль Лябедзька. — Мы не цешымся гэтай лічбай, таму што значная колькасць — гэта проста прысутнасць у партыі. Чалавек можа нешта лайкнуць ці прыйсці прагаласаваць за сябра АГП. На вялікі жаль, гэта не 3600 штыкоў”.

У Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” афіцыйна блізу 1300 членаў. Палітычная сіла плануе зарэгістраваць кандыдатам на прэзідэнцкія выбары свайго лідара Сяргея Калякіна.

У Партыі БНФ сцвярджаюць, што паводле выдадзеных партыйных білетаў, колькасць сябраў блізкая да 5000. Вылучаць свайго кандыдата на прэзідэнцкія выбары адсюль не збіраюцца. Але БНФ плануе актыўна агітаваць.

У Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, якую ўзначальвае Зянон Пазняк, колькасць сябраў ацэньваюць у межах 3000 чалавек. Але агучваць гэту лічбу не раяць.

Пры сітуацыі, якую мы маем, ніякай палітычнай дзейнасцю немагчыма займацца сур’ёзна. Хто сёння пойдзе ў шэрагі нейкай партыі? Дай Бог нам выжыць да знікнення гэтай дыктатуры”, — спадзяецца намеснік старшыні партыі Сяргей Папкоў.

Заяўляецца, што ў партыі “Сацыял-дэмакратычная Грамада”, якой кіруе Станіслаў Шушкевіч, каля 1200 сябраў.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, распавядае, што колькасць іх сябраў — у межах 1150 чалавек. Але “мёртвыя душы” пастаянна выключаюцца, новыя людзі прыходзяць.

Мы не трымаемся за тое, чаго няма, што не працуе, чаго не адшукаць”, — разважае Ірына Вештард. Сваю партыю яна лічыць у добрым сэнсе слова партыяй рэгіёнаў. Прадстаўніцтвы ёсць ва ўсіх абласцях, а цэнтральны офіс знаходзіцца ў Брэсце.

З усіх беларускіх партый асабняком вылучаюцца “Зялёныя”. Іх эпатажны кіраўнік Алег Новікаў называе колькасць сябраў у межах 1250 чалавек. А перад выбарамі “Зялёныя” выявілі сімпатыі да кампаніі нефармала-дармаеда Юрыя Шульгана. Па беларускіх мерках — той яшчэ піяр!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі