Палітвязень Рыгор Кастусёў у ПКТ напісаў паэму, прысвечаную сябрам

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Палітвязень, былы старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў другі месяц перабывае ў памяшканні камернага тыпу, таму не можа тэлефанаваць родным. Але напярэдадні Новага года ад яго прыйшоў ліст з вершамі і віншаваннямі. Пра гэта ў гутарцы з Радыё "Свабода" расказаў ягоны зяць Зміцер Антончык.

"Спадар Рыгор прыслаў цэлую паэму. Там 40 слупкоў па 4 радкі, прысвечаныя ягоным найлепшым сябрам. З навагоднімі віншаваннямі. Напісаў, што гэта яшчэ палова", — кажа Антончык.

Раней паведамлялася, што падчас зняволення ў Кастусёва выявілі анкалагічнае захворванне. Улетку 2023-га яму рабілі чарговае даследаванне, але вынік так і не паведамілі. Зяць кажа, што ў лістах палітвязень неахвотна закранае тэму лячэння.

"Напісаў толькі, што абяцаюць зрабіць аналіз крыві, але калі гэта будзе, не паведаміў. Пра самаадчуванне піша, што нармальнае, на ўмовы не скардзіцца. Тон ліста, як заўсёды, бадзёры", — дзеліцца ён падрабязнасцямі.

Рыгора Кастусёва затрымалі па "справе аб замаху на Лукашэнку", як і Аляксандра Фядуту з Юрасём Зянковічам. У 2022 годзе яго асудзілі на 10 гадоў зняволення па абвінавачанні ў змове з мэтай захопу ўлады.

Праз тры месяцы Кастусёву споўніцца 67 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі