Паліклініка: Летась мы павінны былі зарабіць 1,5 мільярда, цяпер ― 3!

Па меркаванні кіраўніка дзяржавы, трэба павялічыць колькасць платных паслуг у паліклініках.

"Усіх лячылі пагалоўна ― усе выдаткі, усё кампенсавалі. Затым аднаму, другому, цяпер ўжо трэцяму міністру аховы здароўя пастаўленая задача, выйсці на ажыццяўленне платных паслуг у памеры 20%. Але калісьці гэта ўсё было з бюджэту! Цяпер насельніцтва ўжо  плаціць20%! Гэта быў такі этап. Мы спакойна прапанавалі за нейкія паслугі плаціць. Плацяць жа. Гэта вялікія грошы! Пятая частка выдаткаў бюджэту аховы здароўя. Цяпер зробіць акуратна яшчэ адзін крок!”, — заявіў Лукашэнка падчас паслання народу і парламенту.

У Міністэрстве аховы здароўя ніяк не каментуюць словы кіраўніка дзяржавы, маўляў, няўдзячная справа кіраўніка каментаваць.

Адкуль ўзяліся 20% платных паслуг тлумачыць эканаміст 5-й паліклінікі Мінска, Ала Уладзіміраўна. Кажа, што рэальнасць трохі іншая.

“Гэта такая лічба, як вам сказаць? Сказана, і ўсё. Мо хацелі б выйсці на такую лічбу?! Усяго платных паслуг, ад бюджэтнага фінансавання да 10%, можа, у каго трохі болей. У мінулым годзе было 8%. Усё ідзе да таго, каб была платная медыцына. Але, калі вы чулі, Жарко (міністр аховы здароўя ― заўвага Еўрарадыё) пабаяўся сказаць гэтую лічбу, бо скажаш, а не выканаеш, — тлумачыць жанчына, і дадае, што расставацца з грашыма пацыенты не вельмі хочуць. — У дзіцячых паліклініках вельмі маленькі працэнт, бо не хочуць бацькі плаціць за наведванне доктара, лічаць, павінна быць бясплатна. Вось дарослыя патроху, але з вялікім нежаданнем, хочуць расставацца са сваімі грашыма”.

Эканаміст заўважае, што рана ці позна беларусы ўсё роўна за медыцыну будуць плаціць, магчыма, гэта знізіць колькасць тых пацыентаў, якія прыходзяць ў паліклініку проста так.

Да таго ж, медустановам штогод даводзіцца план на выкананне платных паслуг. Летась зарабілі 1,6 мільярда, цяпер патрэбна зарабіць больш за тры!

“У гэтым годзе нам ўтрая павысілі план, але тут абурыліся многія, і таму знізілі план, але прыпісалі, калі будзем прыкладна выконваць, з ліпеня план дададуць. Да прыкладу, у мінулым годзе мы павінны былі зарабіць 1,5 мільярда, цяпер 3 мільярды”.

У мінскай паліклініцы № 26 не могуць патлумачыць, якім чынам фармуецца спіс платных паслуг. Кажуць, усе платныя паслугі дублююцца бясплатнымі. Праўда, калі платна можна прайсці абследаванне цягам дня, дык бясплатнай дапамогі можна чакаць на працягу месяца.

“Калі доктар выпісвае накіраванне, тады ідзяце бясплатна. Але калі доктар рэкамендуе, але гэта не абавязкова, пацыент можа і сам прыйсці на такое абследаванне, але ўжо платна. Розныя прычыны, па якіх людзі ідуць платна: каму не хочацца чакаць у чарзе”, — кажа Еўрарадыё эканаміст паліклінікі № 26 Алена Уладзіміраўна і нават тлумачыць, якім чынам фармуецца кошт на кожную платную паслугу ў паліклініцы.

“Сюды закладаецца заробак доктара, рэнтабельнасць, выдаткі ― у нас усё па калькуляцыі ідзе. Але пацыент аплачвае 100% паслугі”, — кажа эканаміст.

У 26-й паліклініцы кажуць, што платныя паслугі ў іх карыстаюцца попытам, хутчэй, з-за таго, што Кунцаўшчына ― раён новы і спецыялістаў не хапае. Ідуць платна і беларусы, і іншаземцы. Удзень прыходзяць да 130-140 чалавек!

А вось мінчане на вуліцы падчас апытання нечакана выказваюцца: калі медыцына будзе платнай, павінна павысіцца і якасць! За якасць можна і заплаціць, але толькі разумны кошт.

“Калі па ўмераным кошце, але пры гэтым якасць яе, і сістэма прыёму, уважлівасць дактароў павялічыцца, мо і трэба ўводзіць платна. Людзі, якія маюць грошы, ужо ходзяць да платных спецыялістаў. І калі табе назначана на 12.00, будзе ў столькі кансультацыя, а не так як цяпер: з сямі гадзін раніцы стаіш за талонам, а потым прыйшоў учас, і добра, калі праз дзве гадзіны туды патрапіш. Тады ёсць сэнс рабіць нешта платна”, — разважае студэнтка Наталля.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі