Падманутыя турысты вярнулі грошы праз Канстытуцыйны суд

Еўрарадыё высветліла, што прэтэнзіі за сапсаваны адпачынак можна выстаўляць турфірмам цягам 2 гадоў Толькі зараз юрысты разабраліся з самай гучнай справай мінулага года, калі 2 сям’і з малымі дзецьмі выехалі па пуцёўках у Турцыю ў 5-зорны гатэль. Там ім абяцалі 6 відаў нацыянальных кухняў, дзіцячае меню. Але ў адміністрацыі гатэля пачаліся праблемы з падаткавікамі, і адпачынак стаўся жахам. Працягвае загадчыца юрыдычнага аддзела Мінскага таварыства спажыўцоў Наталля Карп:

Карп: Турысты былі літаральна кінутыя на волю лёсу. Замест 6 рэстаранаў не функцыянаваў ніводзін. Уся ежа была была сапсаваная. Есці даводзілася з пластыкавага посуду. Пачалося масавае захворванне дзяцей на стаматыт. І гэта ўсё пры тым, што кошт пуцёўкі на аднаго дарослага з двума дзецьмі быў большы за 5 мільёнаў беларускіх рублёў.

Турысты дайшлі ажно да Канстытуцыйнага суда, у якім спажыўцы здолелі абараніць свае правы і атрымалі кампенсацыю каля 2,5 мільёнаў на чалавека, то бок палову кошту пуцёўкі.

Даказаць менавіта маральны ўрон атрымліваецца вельмі рэдка, бо, па словах юрысконсульта Мінскага таварыства спажыўцоў Вольгі Лагіноўскай, людзі звычайна выязджаюць і не клапоцяцца пра збор доказаў.

Лагіноўская: Спажывец мае права выкарыстоўваць відэа- і фотаматэрыялы, паказанні сведкаў, неабходныя дакументы ад адміністрацыі гатэлю.

Можна, напрыклад, зафіксаваць, што яго катэгорыя не адпавядае заяўленай у дамове, што вы жывяце ў гатэлі з іншай даты… Неадпаведнасць якасці гатэляў, перавозак адна з самых тыповых праблемаў, з якой штогод сутыкаюцца турысты.

На пачатку гэтага лета здарылася і некалькі выпадкаў, калі выезды ўвогуле не адбыліся. Ці можна гэта лічыць яшчэ адной тэндэнцыяй, што з’явілася сёлета, – звярнуліся мы з пытаннем да галоўнага рэдактара газеты “Туризм и отдых” Ліліі Кобзік.

Кобзік: "Турэцкія авіялініі" заявілі, што будуць лётаць з Мінску, а на самой справе дазволу ў іх не было. Нашыя ж фірмы продалі пуцёўкі наперад, а пасля людзям прыходзілася выязджаць з Масквы і Кіева. Быў выпадак, калі своечасова не падвезлі дакументы і людзі не змаглі выехаць… Але сказаць, што гэта нейкая акрэсленая тэндэнцыя, што беларускі турбізнэс пачаў працаваць са зрывамі, нельга.

Зараз да суда рыхтуецца справа ашуканага турыста Канстанціна Трубяцкога, у якога цягам паездкі скралі дарагую відэакамеру.

Трубяцкі: Пры выхадзе на абед мы запыталіся ў кіроўцы, ці можна пакідаць свае рэчы. Ён сказаў, што так, што ён не пакіне аўтобуса. А калі мы вярнуліся, то высветлілася, што кіроўца выходзіў і не зачыніў дзверы, і ўвесь аўтобус абакралі. Мы паехалі ў паліцэйскі пастарунак, а прадстаўніка турфірмы з намі нават не было.

Адзначым, што паводле заканадаўства тураператар (ці перавозчык) нясе адказнасць за захаванне рэчаў турыста, што знаходзяцца ў гатэлі ці ў транспарце.

Каб пазбегнуць магчымых праблемаў цягам паездкі, юрыст Вольга Лагіноўская раіць уважліва чытаць дамову, змяняць яе, удакладняць. У яе вы можаце ўносіць усе вусныя абяцанні тураператара — ажно да бясплатных забаваў кшталту басейна. І памятайце, што прэтэнзіі да турыстычнай кампаніі вы можаце выстаўляць цягам 2 гадоў пасля вандроўкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі