Падатковая: Божа, няўжо?! Можа, там напісана, што Дэкрэт №3 адмянілі?

Падатковая: Божа, няўжо?! Можа, там напісана, што Дэкрэт №3 адмянілі?

9 сакавіка кіраўнік Беларусі аб'явіў, што дэкрэт №3 адмяняць не стануць, але цягам года адпаведны збор браць не будуць. Каб даведацца падрабязнасці, тэлефануем у адну з мінскіх падатковых інспекцый горада.


Еўрарадыё: Прачыталі ў інтэрнэце, што нібыта да канца года не трэба будзе плаціць збор на фінансаванне дзярджвыдаткваў. Што гэта азначае?


Падатковая: Дзе вы такое прачыталі?


Еўрарадыё: На БЕЛТа. Прэзідэнт пра гэта сказаў.


Падатковая: Хацелася б пачытаць. Парадуйце! Парадуйце! Давайце хуценька зойдзем у інтэрнэт!.. Божа, няўжо?! Можа, там напісана, што яго адмянілі?.. БЕЛТа... Свежыя навіны. Так... Трэба ўчытацца. Хацелася б груз з плячэй зняць. Ператэлефануйце пазней.

Праўда, у большасці падатковых, куды мы тэлефануем, няма інтэрнэту. Больш за тое, навіну пра "амністыю" многія чуюць ад Еўрарадыё: інструктаж, што цяпер рабіць, спецыялісты інспекцый не атрымалі.


— Ніхто нічога не адмяняў,  — запэўніваюць у падатковай Ленінскага раёна сталіцы.


Еўрарадыё: Ну як, кіраўнік дзяржавы сам заявіў пра гэта.


— Нам ніякіх загадаў не паступала. Дзяўчынкі, вы чулі, што дэкрэт трэці адмянілі? Ніхто нічога не адмяняў...


Еўрарадыё: Не адмянілі, а прыпынілі збор сродкаў.


— Нічога не магу сказаць. Вы першы чалавек, які мне пра гэта гаворыць. Першы раз чую. Званіце заўтра.


У адной з падатковых Гомеля Еўрарадыё кажуць, што не вераць таму, што напісана ў інтэрнэце. Але мы не першыя, хто патрабаваў вярнуць грошы:


"Давайце не будзем абмяркоўваць тое, што пішуць у інтэрнэце, не першая вы тэлефануеце. Давайце чакаць афіцыйнай публікацыі ў газеце. Калі будзе сапраўды адмена — пішыце заяву, і грошы вернуць. Але давайце чакаць афіцыйнага ліста ў газетах. Бо інтэрнэт — гэта інтэрнэт, сёння адно пішуць, заўтра другое, і на словы прэзідэнта спасылаюцца, і не ўсё праўда".

Вось мы таксама не ва ўсе словы улады верым!


Падатковы інспектар з Брэста таксама сцвярджае, што я не першая, хто сёння цікавіцца гэтым пытаннем:


"Да інтэрнэту на працы доступу няма, афіцыйнай паперы таксама няма. Калі будуць нейкія тлумачэнні, тады можна будзе пагутарыць. На дадзены момант я вам нічога не магу сказаць".


У Віцебску падаткавікі больш дасведчаныя за сваіх калег у абласных цэнтрах і Мінску, таму кажуць тэлефанаваць у... красавіку:


"Да 1 красавіка будзе даручэнне ўрада распрацаваць механізм, таму калі ён будзе распрацаваны, тады можна будзе і вызначыцца. Мы таксама прачыталі. Але які парадак рэалізацыі будзе, невядома. Тэлефануйце ў красавіку".


Пра тое, што збор на фінансаванне дзяржвыдаткаў за 2015 год прыпынены,  абвешчана на нарадзе з удзелам кіраўніка дзяржавы 9 сакавіка. На сёння падатак на дармаедства заплацілі 54 тысячы беларусаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі