Пачаўся збор грошай на ўдзел Гуркова ў чэмпіянаце свету

Пачаўся збор грошай на ўдзел Гуркова ў чэмпіянаце свету

Увечары ў сераду на сайце talaka.by пачаўся збор грошай на паездку знакамітага беларускага тайбаксёра ў Швецыю на чэмпіянат свету. Праект назвалі “Народны чэмпіён”.

Грошы ў капілку “Талакі” кладуцца не проста так. За кожны ўнёсак мецэнат атрымае падарунак. Напрыклад, за 50 тысяч — плакат з подпісам чэмпіёна, за 2 мільёны — дзве індывідуальныя трэніроўкі з Гурковым.

Усё пачалося з матэрыялу Еўрарадыё пра Віталя Гуркова. Баец расказаў, што з-за выступаў у гурце Brutto страціў зарплату з дзяржбюджэту і на яго дагэтуль не могуць знайсці грошай, каб адправіць на першынство свету. За месяц да гэтага Гуркоў чарговы раз перамог на чэмпіянаце Беларусі, і не ўзяць яго на планетарны форум па ідэі не могуць.

За першую гадзіну збору такім чынам набралося каля 5 мільёнаў рублёў. Агулам сабраць плануюць 68,2 мільёна.

Сам Віталь Гуркоў лічыць, што няправільна ехаць на чэмпіянат свету за ўласны кошт, бо спартсмен, прадстаўляючы краіну, рызыкуе жыццём. А прызавыя за залаты медаль не пакрываюць нават паловы выдаткаў на дарогу. Але ж той медаль яшчэ трэба выйграць!

Страціўшы зарплату з Мінспорту, Гуркоў падпрацоўвае трэнерам у мінскім клубе “Мобі Дзік”. Творчая дзейнасць і гастролі з Brutto у складаную эканамічную пару таксама не прыносяць істотных фінансавых дывідэндаў.

Калі паездку на чэмпіянат усё ж аплаціць дзяржава, грошы пойдуць на дабрачынныя мэты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі