Па новым законе “Аб СМІ” ў Беларусі можна закрыць хоць сайт New York Times

17 снежня парламентарыі адразу ў двух чытаннях прынялі папраўкі ў закон аб СМІ. "За" прагаласавалі 103 дэпутаты. З дакладам выступіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

Цяпер інфармацыйныя сайты прыраўнялі да сродкаў масавай інфармацыі, і яны падпарадкоўваюцца закону аб СМІ, але без абавязковай рэгістрацыі.

Абвяржэнне інфармацыі ў інтэрнэце цяпер мусіць рабіцца на тым жа рэсурсе, дзе была апублікаваная непраўдзівая інфармацыя, не пазней чым праз адзін дзень пасля патрабавання абвяржэння. Пры гэтым матэрыял, які абвяргаюць, мусіць быць выдалены.

Мініфарм плануе ўводзіць абмежаванні на распаўсюд інтэрнэт-СМІ, калі за год вынесена два і больш пісьмовых папярэджанняў. Таксама абмежаванне ўводзіцца за распаўсюд інфармацыі, забароненай законам ці судом, невыкананне патрабаванняў аб выпраўленні парушэнняў закона аб СМІ.

Парадак абмежавання доступу будзе дадаткова распрацаваны рэгулятарам інтэрнэту разам з Мінсувязі.

— Для журналістаў стала сюрпрызам вынясенне на разгляд сённяшняга пасяджэння ў Палату прадстаўнікоў законапраекта “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у закон “Аб СМІ” — у папярэдняй праграме дня гэтага не было, законапраект нідзе не публікаваўся. Чаму такая таемнасць?

Лілія Ананіч: Дзейны закон “Аб СМІ” прадугледжваў, што яшчэ ў 2008 годзе будзе распрацаваны парадак рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі — інтэрнэт. Гэта праца вялася ў міністэрстве доўгія гады, было шмат розных варыянтаў. Прапаноўваліся законапраекты, каб і рэгістраваць, і не рэгістраваць інтэрнэт-рэсурсы. Але менавіта сёння такі вывераны законапраект быў прадстаўлены ў парламент. Законапраект, які дазволіць эфектыўна рэгуляваць пытанні, звязаныя з распаўсюдам інфармацыі ў інтэрнэце, — закон “Аб СМІ” мяркуецца распаўсюдзіць на інфармацыйныя рэсурсы, размешчаныя ў глабальнай сетцы Інтэрнэт, з дапамогай якіх распаўсюджваецца прадукт сродкаў масавай інфармацыі.

Пагадзіцеся, тое, што сёння робіцца на шэрагу парталаў, з’яўляецца сродкамі масавай інфармацыі. Мы бачым там аналітыку, выдатную журналісцкую працу, публіцыстыку, відэа, бачым там аператыўнасць, туды імкнуцца выпускнікі журфака. І мне б хацелася, каб яны мелі такія ж правы і абавязкі, як і ўсе іншыя журналісты, якія працуюць у нацыянальнай інфармацыйнай прасторы, каб яны мелі права быць акрэдытаванымі, атрымліваць інфармацыю, распаўсюджваць яе. Каб сёння ўладальнік інфармацыйнага рэсурсу нёс адказнасць за кантэнт, які ёсць на гэтым рэсурсе. У параўнанні з суседнімі краінамі ў нас самае дэмакратычнае рэгуляванне. Трэба толькі адно: прытрымлівацца пэўных прынцыпаў, вызначаных законам “Аб СМІ”. Прынцыпы гэтыя вызначаны ў 4 артыкуле закона: праўдзівасць, павага правоў і свабодаў, маральная культура, адпаведнасць агульнапрынятым нормам маралі. А калі мы кажам пра такі сегмент, як нацыянальная інфармацыйная палітыка, калі мы кажам пра нацыянальную бяспеку, то бачым: сёння неабходна, каб была надзейная заслона разлажэнню грамадства і дзяржавы. Інтэрнэт-злачынствы, вярбоўка і наёмніцтва — інфармацыйныя войны ўварваліся ў наш дом і па сваёй моцы пераўзыходзяць любую зброю. І мы зацікаўленыя ў тым, каб наша краіна была максімальна абароненая ад такога кантэнту. Мы сёння не забараняем грамадзяніну атрымліваць любую інфармацыю, але як міністр інфармацыі я б хацела, каб дзяржаўная інфармацыйная палітыка не распаўсюджвалася толькі на асобныя ўчасткі інфармацыйнага поля, а комплексна рэгулявала ўсе пытанні, усе ўзаемаадносіны, якія ўзнікаюць у сферы падрыхтоўкі, вырабу, выпуску і распаўсюду інфармацыі, на якіх бы носьбітах гэтая інфармацыя ні з’яўлялася.

— Гэты закон будзе распаўсюджвацца на даменную зону by ці незалежна ад яе?

Лілія Ананіч: Дзеянне закона “Аб СМІ” распаўсюджваецца на ўсе СМІ, даступныя на тэрыторыі краіны. Фактычна, сёння любы СМІ, што распаўсюджваецца на тэрыторыі Беларусі — расійскі, казахстанскі ці ўкраінскі, — не павінен парушаць дзейнае заканадаўства. Таму закон будзе распаўсюджвацца на ўсё, што даступнае на нашай тэрыторыі (Такім чынам, па новым законе “Аб СМІ” ў Беларусі можна закрыць хоць сайт New York Times - заўв. Еўрарадыё).

— Давайце ўсё ж такі разбяромся: інтэрнэт-рэсурсы павінныя будуць праходзіць абавязковую працэдуру рэгістрацыі?

Лілія Ананіч: Дзеянне закона “Аб СМІ” распаўсюджваецца ў поўным аб’ёме на рэсурсы, якія з дапамогай сеткі Інтэрнэт распаўсюджваюць прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі. За выключэннем нормаў аб рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі. Усё як працавала, у тым жа парадку і будзе працаваць: даменныя імёны, хостынгі — гэта не сфера кампетэнцыі Міністэрства інфармацыі. Парадак не змяняецца, але дзяржава заканадаўча прадпісвае ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу абавязак несці адказнасць за кантэнт. Нашы дзеці сутыкаюцца з бязмежным пазітыўным інтэрнэтам і з такім жа бязмежным негатыўным інтэрнэтам. І мы павінныя думаць, каб гэты негатыўны інтэрнэт не закрануў большую колькасць сем’яў, прадпрыемстваў і арганізацый. Не сакрэт, што сёння інтэрнэт — гэта і эканамічныя злачынствы.

— Ці бралі ўдзел у распрацоўцы гэтага законапраекта журналісты, Саюз журналістаў, Беларуская асацыяцыя журналістаў, нехта іншы?

Лілія Ананіч: Я ўжо казала, што законапраект адпрацоўваўся не адзін тыдзень і не адзін год. Над ім працавалі многія ўдзельнікі інфармацыйнага поля. Канчатковую рэдакцыю дапрацавала Міністэрства інфармацыі. Плённа працаваў Беларускі саюз журналістаў, Саюз выдаўцоў і распаўсюднікаў друку, бо там шмат навацый, якія тычацца сферы распаўсюду друку. А інтэрнэт-супольнасць… Мы пакуль не маем суб’ектаў гэтай інтэрнэт-супольнасці ў дачыненні да Міністэрства інфармацыі. Калі мы ўвядзём у дзеянне гэты закон, у нас узнікнуць канкрэтныя стасункі з усімі ўладальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў. Думаю, што яны будуць пазітыўныя. 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі