Нямецкі эксперт: Меркель патрабуе ад Кіева дэ-факта часовай капітуляцыі

Пазіцыі бакоў: Чаго хочуць ад перамоў у Мінску Парашэнка, Пуцін і Еўрасаюз

Міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер сумняваецца ў магчымасці правядзення саміта нармандскай чацвёркі ў Мінску 11 лютага. Пра гэта ён заявіў у Бруселі. На яго думку, "занадта шмат пытанняў да гэтага часу застаюцца нявырашанымі". Тым не менш афіцыйна сустрэчу ў беларускай сталіцы ніхто не адмяняў. У Мінску па-ранейшаму чакаюць прэзідэнтаў Францыі, Украіны, Расіі і канцлера Германіі.

Еўрарадыё сабрала меркаванні еўрапейскіх аналітыкаў з нагоды перамоў у нармандскім фармаце.

Нямецкі эксперт Міхаэль Кніге мяркуе, што Захад апынуўся ў тупіковай сітуацыі з украінскім крызісам. Калі нічога не адбудзецца, наступ сепаратыстаў будзе працягвацца, і краіну чакае разруха. Калі ж Захад пачне забяспечваць украінцаў зброяй, створыцца вялікая імавернасць эскалацыі ваеннага супрацьстаяння, што пацвердзіў і галоўнакамандуючы аб’яднанымі сіламі NATO ў Еўропе. Чым усё гэта скончыцца — невядома.

“Міратворчая місія канцлера Меркель — гэта адчайная спроба знайсці выхад з тупіка. Галоўная мэта: шляхам перамоў усё ж прадухіліць няўмольнае спаўзанне да адкрытай вайны. Рызыкоўная спроба Меркель у апошнюю хвіліну прадухіліць найгоршае заслугоўвае павагі. Бо перыяд “татальнай вайны”, як выказаўся французскі прэзідэнт Франсуа Аланд, можа наступіць ужо зусім хутка”,піша Кніге.

Разам з тым адчуванне, што ў сувязі з канфліктам ва Украіне свет апынуўся на мяжы драматычных падзеяў, не пакідала прысутных і на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, што праходзіла на мінулым тыдні. І з трыбуны ў галоўнай зале, і ў кулуарах там казалі пра тое, што ў Еўропе зноў магчымая вялікая вайна. Але як яе прадухіліць, у Мюнхене, падобна, так і не вырашылі.

“Заходнія лідары разгубленыя, яны не ведаюць, як лепей дзейнічаць, — адзначыў Deutsche Welle адзін вядомы ў Германіі аналітык і эксперт па Усходняй Еўропе. — Па сутнасці, яны спрабуюць не даць уцягнуць сябе ў вайну”.

Менавіта гэтым ён патлумачыў нежаданне Германіі пастаўляць Украіне зброю.

З іншага боку, у Мюнхене было відавочна, што ні Германія, ні ЗША не хочуць паліць масты з Расіяй. Маскву крытыкавалі, ганьбілі яе за парушэнне міжнароднага права ва Украіне, але ў той жа час падавалі ёй руку.

З нагоды перамоваў, што ладзілі Меркель і Аланд, выказалася і прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ ў інтэрв’ю Deutsche Welle:

“Я лічу, што мы прынамсі мусім працягваць размову і спрабаваць дасягнуць спынення агню. І любыя намаганні таго каштуюць. Ангела Меркель заўжды робіць усё, на што яна здольная, і мы верым у тое, што яна робіць. Пры гэтым, вядома, мы ведаем, з кім яна мае справу і з чым сутыкаецца. Гэта вельмі складаная сітуацыя для ўсіх нас, бо нечакана для сябе мы сутыкнуліся з неверагодным выклікам, калі цяпер, у ХХІ стагоддзі, мы бачым адкрытую агрэсію і адкрытую хлусню ў Еўропе”.

Аналітык з “Die Welt” Торстэн Краўэль мяркуе, што ваенны канфлікт на ўсходзе Украіны пачаў нагадваць кубінскі крызіс 1962 года, які ледзь не скончыўся ядзернай вайной.

Аналітык мяркуе, што цяпер паміж Вашынгтонам і Масквой ідзе барацьба, на коне якой стаіць Еўропа.

“Частка амерыканцаў хоча прадухіліць такі сцэнар і даць Украіне зброю, каб Кіеў мог супрацьстаяць адносна слабым сепаратыстам. З аднаго боку, гэта дапамагло б канфлікту не перакінуцца на краіны Балтыі. З іншага, гэта можа прывесці да эскалацыі напружання ў рэгіёне, што можа павялічыць канфлікт да памераў кубінскага крызісу”, — піша Краўэль.

Ангела Меркель не жадае ніякага з гэтых сцэнараў. Яе мэта — утрымаць Еўрапейскі саюз. Толькі яна можа зрабіць гэта, мяркуе аналітык. Тым не менш, на думку аўтара, неабходныя больш актыўныя дзеянні, чым толькі магчымыя выкананні мінскіх пагадненняў, якія так дагэтуль і не набылі моцы.

“Ангела Меркель патрабуе ад Кіева дэ-факта часовай капітуляцыі. Незразумела, чым на гэта зможа адказаць Пуцін, той Пуцін, які пагардліва разрывае Украіну”, — піша Краўэль.

Тым часам сёння канцлер Германіі Ангела Меркель працягвае перамовы з сусветнымі лідарамі. Гэтым разам яна прыляцела ў Вашынгтон, каб абмеркаваць з прэзідэнтам Баракам Абамам мірныя ініцыятывы па спыненні канфлікту на ўсходзе Украіны. Цяпер у ЗША працягваюцца жорсткія спрэчкі аб тым, ці пасылаць ва Украіну ўзбраенне.

Нагадаем, што заўтра, 10 лютага ў Мінску пройдзе сустрэча кантактнай групы, а 11 лютага пройдуць перамовы ў “нармандскім фармаце”.

Фота: rian.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі