Нямецкая паліцыя: Страляніну ў Мюнхене ўчыніў 18-гадовы іранец

Нямецкая паліцыя: Страляніну ў Мюнхене ўчыніў 18-гадовы іранец

Паліцыя нямецкага Мюнхена паведаміла новыя падрабязнасці тэрарыстычнага нападу ў адным з мясцовых гандлёвых цэнтраў. Паводле начальніка гарадской паліцыі Губерта Андрэ, нападнікам быў 18-гадовы выхадзец з Ірану. Юнак меў двайное грамадзянства Нямеччыны і Іраны і жыў у Мюнхене ўжо некалькі гадоў. У поле зроку паліцыі раней не трапляў.

Тэрарыст дзейнічаў адзін. Яго цела знайшлі падчас спецаперацыі ў кіламетры ад месца здарэння. Пакуль невядома, ці быў ён забіты паліцэйскімі або пакончыў з сабой. Таксама высвятляюцца матывы яго ўчынка.

Напад адбыўся ўвечары 22 ліпеня: у гандлёвым цэнтры “Алімпія” на паўночным захадзе Мюнхена невядомы адкрыў стральбу па мінаках і забіў дзевяць чалавек. Яшчэ 16 чалавек атрымалі раненні, трое з іх у крытычным стане.

У мінулы панядзелак у Баварыі узброены нажом і сякерай чалавек накінуўся на пасажыраў цягніка ў Вюрцбургу і параніў чацвярых. Нападнік аказаў супраціў паліцыянтам, якія прыбылі на месца, і быў застрэлены.

Міністр унутраных справаў Нямеччыны Томас дэ Мезьер заклікаў жыхароў краіны быць гатовымі да таго, што напады груп радыкалаў або джыхадыстаў-адзіночак будуць працягвацца, перадае ВВС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі