Новыя тарыфы на "камуналку": водазабеспячэнне патаннее на 41,5%

Новыя тарыфы на "камуналку": водазабеспячэнне патаннее на 41,5%

Аляксандр Лукашэнка 14 сакавіка зацвердзіў новыя тарыфы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі.

Гэтыя лічбы падрыхтавала працоўная група, куды ўвайшлі прадстаўнікі ўрада, Камітэта Дзяржкантролю, Адміністрацыі прэзідэнта, аблвыканкамаў.

Па словах міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандра Церахава, якія перадае БЕЛТА, "прынцыпова ёсць магчымасць зніжэння тарыфаў па такіх паслугах, як водазабеспячэнне — на 41,5%, на водаадвядзенне — на 55,1%, на тэхабслугоўванне ліфта — фактычна на 30%".

Падчас нарады Лукашэнка заявіў, што ў перспектыве беларусы ўсё ж будуць аплачваць 100% ад кошту жыллёва-камунальных паслуг.

"Мы кажам, што калі-небудзь насельніцтва будзе плаціць 100% за гэтыя паслугі. Толькі не трэба людзям казаць, што гэта будзе ў 2018 годзе. Я такога не казаў. Гэта можа быць і ў 2020-м, і ў 2025-м. Гэта будзе залежаць ад таго, як людзі будуць жыць".

Лукашэнка нагадаў аб сваім даручэнні аб'ектыўна і прынцыпова палічыць і, дзе трэба, пералічыць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі.

"Самае галоўнае для нас было — не панізіць тарыфы, як гэта ўсюды ў сродках масавай інфармацыі цяпер падаецца, што вось прэзідэнт там накруціў-навярцеў усім, зараз будзем паніжаць тарыфы. Так, дзе трэба, мы панізім і панізілі тарыфы. Але пытанне не ў гэтым. Пытанне ў тым, каб выпрацаваць тарыфы аб'ектыўныя, якія будзе ведаць усё насельніцтва", — заявіў ён.

Лукашэнка раскрытыкаваў незразумела складзеныя жыроўкі: "Чалавеку прыносяць гэтую жыроўку, як у народзе яе называюць, ён паглядзеў — якая там цана?! Ды гэтая жыроўка — чорт ногі зломіць, не кожны эканаміст разбярэцца!"

Па словах кіраўніка Беларусі, трэба зрабіць так, каб людзі бачылі кошт паслугі і маглі памножыць яго на выкарыстаны аб'ём. "Калі хочуць дакладна — значыць, павінны стаяць лічыльнікі на ваду, на газ, на цяпло. Няма лічыльнікаў — іншая методыка. Але кошт гэтай паслугі, тарыфы павінны быць рэальнымі", — падкрэсліў Лукашэнка.

Нагадаем, што 22 лютага на аналагічнай нарадзе Лукашэнка запатрабаваў, каб новыя тарыфы з абгрунтаваннем яму паказалі 1 сакавіка. Аднак нарада па ЖКГ адклалася на паўмесяца. А новыя жыроўкі, якія звычайна прыходзяць з 10 па 15 чысла, беларусы пакуль не атрымалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі