Neuro Dubel рассакрэціў некалькі песень з новага альбома (відэа, фота)

Еўрарадыё завітала на студыю “Осмас”, дзе Аляксандр Кулінковіч акурат запісвае вакал да новага альбома Neuro Dubel “На Марс!”. Натуральна, што мы паслухалі песні, якія складуць кружэлку (глядзіце відэа!), і пагутарылі з Аляксандрам пра тое, чым натхняліся музыкі пры стварэнні дыска — ён будзе прэзентаваны 10 красавіка ў клубе Re:Public.

Новы альбом з’явіўся дзякуючы… гадзінніку

У жыцці чалавека бываюць такія моманты — мімалётны погляд, сустрэў кагосьці на вуліцы ці голуб праляцеў міма — ўсё змяняецца ў жыцці. У мяне аднойчы было такое: сядзелі мы на рэпетыцыі і я ў чарговы раз паглядзеў на гадзіннік, і падумаў: “Калі ж гэтая рэпетыцыя скончыцца”. У выніку, высветлілася, што такія ж думкі былі ва ўсіх музыкаў на працягу апошніх некалькіх гадоў. Мы збіраліся раз на тыдзень, два разы на месяц нават было, чакалі пакуль рэпетыцыя скончыцца, бо ніякіх ідэй не было, нічога не хацелася рабіць. І вось гэта неяк проста мяне ўскалыхнула. Я тут жа пачаў пісаць песні. У любой справе павінен быць такі “брыгадзір” ці “важак”. Я неяк хутка заразіў хлопцаў ідэяй: “А давайце хуценька пачнём рабіць, давайце вясной зробім канцэрт, давайце выпусцім альбом. Так хутка мы яшчэ ніводзін альбом не пісалі, як гэты. Нас проста распірала. Кожная сустрэча з калектывам, калі мы проста рэпетавалі, — гэта была новая песня, а то і дзве. І такога натхнення не было ніколі. Гэта проста справа выпадку. Вось — гадзіннік. Гадзіннік паўплываў.

Neuro Dubel рыхтуе новы альбом "На Марс!"

Свае рыфы гітарыст дасылае па пошце

Песні пішуцца вельмі проста. Мне ў галаву прыходзіць нейкая мелодыя, мелодыя і тэкст, я прыбягаю на рэпетыцыю, напяваю і пытаю хлопцаў, ці ёсць на гэта нейкія ідэі. Як правіла, у кагосьці з гітарыстаў ёсць: “Вось я нядаўна прыдумаў такі гітарны рыф, а я гэты” і г.д. А другі варыянт — гітарыст прыдумаў нейкі рыф, ён яго высылае па пошце: “Саша, паглядзі, як ты думаеш, што можна з гэтым зрабіць?” І калі мяне зноў жа, у гэты час торкнула, то я хуценька на яго пішу нейкую задуму, і на бліжэйшай рэпетыцыі мы яе запісваем. Менавіта так і быў напісаны ўвесь гэты альбом. Кожны тыдзень мы пісалі па песні.

У Neuro Dubel увогуле няма пратэстных песень. А новы альбом самы цяжкі і самы хуткі

Песні пратэсту не магу пісаць, не маю таленту. Я магу пратэставаць ці за нешта выступаць, але толькі як асоба. Як музыка, на жаль, я не ўмею пісаць такія песні. Таму няма нічога такога і ў новым альбоме. Гэта звычайны вясёлы альбом, вельмі моцна прыпанкаваны. Увесь вельмі хуткі. Магчыма, з усіх альбомаў, што ў нас былі, гэта самы цяжкі і самы хуткі. У ім толькі адна кампазіцыя, якую можна назваць меладычнай. І тое, з нацягам, бо яна па трагічнасці блізкая да песень “Край”, “Гусі-лебедзі”.

Neuro Dubel 10 красавіка прэзентуе свой “самы хуткі альбом”

Няма ніякага значэння, на якой мове напісаны альбом

Для нас не мае ніякага значэння, на якой мове напісаны альбом, і для нашай публікі таксама. Вельмі шмат прыходзіць і беларускамоўных, і рускамоўных. І абсалютна ўсё адно, усе адзін аднаго разумеюць, і песні спяваюцца на канцэртах, як правіла, 50 на 50. Загалоўная песня “На Марс” акурат на мове. Але большасць песень будуць па-руску.

Новы альбом хоча сказаць, што ўсё херня акрамя пчол!

Ніякія апошнія падзеі ў свеце не адбіліся на змесце альбома. Толькі сама назва, прытым, што яна не мае ніякага дачынення да канцэпцыі альбома. Проста ў гэтым годзе пачынаюць набіраць добраахвотнікаў на Марс, менавіта ў 2015-м. І адсюль была назва. Яна проста спантанна выйшла. Мы стаялі на курылцы з басістам, і ён кажа: “Саша, трэба што-небудзь пра Марс напісаць”, а я адказваю “Напішам! Так і зробім”. У выніку, мы запісалі загалоўную песню, і яна нам вельмі спадабалася, таму мы вырашылі, што ўвесь альбом будзе “На Марс!”.

Я доўга мучыўся, мне прыйшла ў галаву такая фраза наконт “На Марс” — "рушымся на Марс". Такога слова, рушымся. няма ні ў беларускай, ні ў рускай мовах. Але я паразмаўляў са сваімі беларускамоўнымі паплечнікамі, яны мне сказалі: “Саша, пакідай гэта слова”. У гэтым альбоме будзе слова, якое не належыць ніводнай мове. Ад беларускага — гэта "рушым", ад рускага — "разрушаем". Рушымся на Марс!

Новы альбом хоча сказаць, што ўсё херня акрамя пчол! На Марс! Таму альбом варта слухаць з добрым настроем. Многія рэчы не трэба ўспрымаць сур’ёзна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі