Некалькі пандэміяў выявіў Лукашэнка ў Беларусі

Некалькі пандэміяў выявіў Лукашэнка ў Беларусі

На сустрэчы са старшынёй КДБ Валерыем Вакульчыкам кіраўнік Беларусі заклікаў падтрымліваць парадак падчас выбарчай кампаніі. 

"Мы не павінны дапусціць, каб рознага роду хеўры і банды крымінальнікаў блукалі па краіне з закасаным рукавамі: людзі, крый божа, падумаюць, што гестапа вярнулася, вайна пачалася. Вось гэтага мы дапусціць не павінны",перадае БЕЛТА словы Аляксандра Лукашэнкі

Ён заявіў, што звяртаўся з гэтай нагоды да вайскоўцаў: "Я ўжо вайскоўцам казаў: адзін буду супраць іх (шаек і бандаў. — БЕЛТА) змагацца, калі трэба. Хоць у нас хапае людзей у пагонах, якія здольныя абараніць сваю краіну"

Лукашэнку абурылі шматлюдныя выбарчыя пікеты за яго прэтэндэнтаў. Кіраўнік дзяржавы прыраўняў іх да масавых мерапрыемстваў і прапанаваў адправіць удзельнікаў у адведзеныя для гэтага шэсць кропак у сталіцы. "Мы нікому не будзем закрываць рот. Калі ласка — вызначаныя месцы ў Мінску і ва ўсіх гарадах пункты, дзе можна весці дыскусію. Па-мойму, у Мінску гэта шэсць кропак. Наша справа — кантроль, каб вы не выйшлі за рамкі. Шэсць пунктаў у Мінску — ідзі дэбатуй. Але Камітэт дзяржбяспекі разам з міліцыяй ні ў якім разе не павінны дапусціць парушэння закона", — падкрэсліў ён. 

Таксама кіраўнік Беларусі заявіў, што яго апанентаў нельга параўноўваць з Уладзімірам Зяленскім ва Украіне ці Ніколам Пашынянам у Арменіі. "Як бы там ні адбываліся ў Арменіі і Украіне падзеі, усё ж такі гэта людзі таленавітыя — і Зяленскі, і Пашынян. Я ўжо з імі блізка пазнаёміўся. Гэта людзі таленавітыя, безумоўна, і галоўнае — патрыёты сваёй краіны", — дадаў ён. 

Цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, па словах Лукашэнкі, характарызуюць некалькі пандэміяў. Перш-наперш гэта каранавірус. Туту сітуацыя, маўляў, ужо выпраўляецца.

"Наклалася на гэта палітычная пандэмія ў сувязі з выбарамі, эканамічная пандэмія (крызіс ва ўсім свеце не наша віна, бяда наша). Ну, і шэраг іншых пандэмій, якія блукаюць вакол нашых межаў, але пакуль баяцца сунуць сюды нос. Мы з гэтымі пандэміямі павінны справіцца", — заявіў беларускі кіраўнік.

Самая страшная, па яго словах, — "інфапандэмія". У яе распаўсюдзе Лукашэнка абвінаваціў у тым ліку Расію, хаця ў адкрытую і не назваў яе: "Зараз і ў інтэрнэце, гэтай сметніцы, што заўгодна закідваюць, і з-за мяжы нам у тым ліку родныя браты праблем падкідваюць у СМІ. Але мы ўсё гэта бачым".

Пандэмія, як вядома, — гэта найвышэйшая ступень эпідэміі, якая захоплівае цэлыя кантыненты і большасць насельніцтва Зямлі. Якім чынам беларускія выбары сталі пандэміяй, Лукашэнка не ўдакладніў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі