Неафіцыйныя СМІ назвалі Пракаповіча казачнікам

На гэтым тыдні афіцыйная і неафіцыйная прэса абмяркоўвала дзве яскравыя лічбы. Абедзве з іх тычыліся заробку беларусаў.
“Мінімальная зарплата з 1 студзеня ўстаноўлена ў памеры 208 тысяч 800 рублёў”, - піша газета “Звязда”. Пры гэтым зазначае, што пагадзінная мінімальная заработная плата ўстаноўлена ў памеры 1240 беларускіх рублёў. Такую ж інфармацыю, амаль яе не каментуючы, агучылі і іншыя афіцыйныя СМІ. Неафіцыйную ж прэсу больш зацікавіла іншая лічба.

"У 2010-2015 гады мы павінны вырашыць шэраг глабальных задач. У прыватнасці, сярэдні заробак ў 2015 годзе павінен быць не менш за 1 тысячу еўра. Гэтая сур'ёзная задача пастаўлена кіраўніком дзяржавы", - цытуе словы кіраўніка Нацыянальнага банка Беларусі Пятра Пракаповіча Хартыя’97.

“Казкі ад Пракаповіча”, — такі загаловак далі журналісты артыкулу. І ўзгадалі, што спадар Пракаповіч і раней любіў даваць падобныя абяцанні:

“Спадар Пракаповіч – вядомы казачнік. Не далей, як мінулай восенню ён чарговым разам распавёў беларусам казку пра тэмпы інфляцыі ў краіне. Галоўны банкір, не міргнуўшы вокам, паведаміў, што за студзень–верасень інфляцыя ў Беларусі склала 5,4%, або 0,6% у сярэднім за месяц”.

Але Хартыя’97 нагадвае, што кошты на прадукты за гэты ж перыяд нашмат узраслі – на мяса і малако як мінімум на 40%. За электрычнасць беларусы сталі плаціць амаль на 25 працэнтаў больш, за газ – на 23 працэнта, за паслугі ЖКГ – на 10 працэнтаў, за праезд у транспарце – на 15 працэнтаў, сметанковае масла падаражэла аж на 80%, а алей – у два разы!

“Мінстат дае няправільныя дадзеныя не толькі па ўзроўні інфляцыі, але і па росце ВУП, а значыць, і па ўсіх іншых паказчыках”, — кажа эканаміст Леанід Злотнікаў у інтэрв’ю Хартыі.

“Таму чакаць беларусам сярэднемесячнага заробку ў 1 тысячу еўра давядзецца яшчэ вельмі доўга і не пры гэтай уладзе. Вядома, калі казачнік Пракопавіч не прыдумае, як яго «намаляваць» пры дапамозе афіцыйнай статыстыкі”, - абагульняе вышэйсказанае журналіст інтэрнэт-выдання.

“Казачнікам” палічылі Пракаповіча і чытачы, якія іранічна пісалі ў каментарах да артыкула, што сярэдні заробак па-беларуску – “гэта калі ты атрымаў 900 еўра, а я 100, а на дваіх мы атрымалі ў сярэднім 1000”.

На гэтым жа тыдні “Белта” агучыла яшчэ адну лічбу, роўную 200, але ўжо не беларускіх рублёў, а долараў:

“У Беларусі не засталося раёнаў, дзе ўзровень заробку не дасягнуў 200 долараў. Пра гэта на выніковай калегіі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны паведаміла першы намеснік міністра Алена Колас. Яна адзначыла, што ў 2007 годзе ўсе рэспубліканскія органы ўпраўлення і выканаўчыя камітэты выканалі сваю задачу па росце заробку. Гэта забяспечыла выкананне дадзенага прагнознага паказчыка па краіне ў цэлым”.

Далей “Белта” піша, што сярэднемесячны заробак у Беларусі ў снежні мінулага года склаў 795,4 тысячы альбо 369 долараў. Нагадаем, што па словах кіраўніка Нацыянальнага банка Беларусі ў 2015 годзе гэтая лічба павінна быць роўная 1000 еўра, гэта значыць 1500 доларам.

Няцяжка падлічыць, што пры такім раскладзе штогод сярэдні заробак павінен павялічвацца мінімум на 160 долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі