Найлепшы ў Нацбанка, найгоршы ў ААЦ: юрысты склалі рэйтынг сайтаў

Першы дзяржаўны сайт з’явіўся ў Беларусі каля 15 гадоў таму. Спецыялісты цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend прааналізавалі 45 інтэрнет-старонак і прыйшлі да высновы, што яны не адпавядаюць патрабаванням. Юрыст Аляксей Казлюк расказвае, як праводзілася праверка.

“Ёсць адмысловыя патрабаванні да сайтаў, якія вызначаныя заканадаўствам. І, адпаведна, можна скласці спіс такіх патрабаванняў і выкарыстоўваць іх у якасці параметраў. І потым ацэньваць кожны сайт па тым, як ён выконвае гэтыя патрабаванні. І атрымаем — адзін сайт выконвае 100 з 200 патрабаванняў, іншы іначай”.

У выніку максімальна магчымы каэфіцыент прадстаўленасці інфармацыі, роўны 100%, не набраў ніводзін з даследаваных сайтаў. Сярэдняе значэнне такога каэфіцыента ў 45 даследаваных сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый склала амаль 31%. Лідарам па інфарматыўнасці стаў сайт Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Яго каэфіцыент — 52%. А вось найменш інфарматыўны сайт ва ўстановы, якая тэарэтычна мусіць мець самы добры сайт: старонка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь набрала ўсяго 12%.

Патрабаванні да зместу афіцыйных сайтаў дзяржаўных органаў вызначаюцца цэлым шэрагам нарматыўных дакументаў. Паводле закону кожны грамадзянін мае права доступу да інфармацыі дзяржаўных органаў. Аднак на практыцы выкананне гэтых правілаў не рэгулюецца і дзяржаўныя ўстановы самі вызначаюць, што ім “вешаць” на свой сайт, а што не. У выніку аб'ём інфармацыі, якая прадастаўляецца дзяржорганамі ў інтэрнэце, значна меншы за аб'ём агульнадаступнай інфармацыі, якой валодаюць дзяржаўныя органы.

Тым не менш юрыст цэнтра Lawtrend Аляксей Казлюк гаворыць, што дзяржорганы стараюцца не парушаць заканадаўства і нарматывы не ігнаруюць. Ва ўсіх галінах, акрамя… мовы. Першая дзяржаўная прадстаўлена на інтэрнэт-старонках органаў афіцыйнай улады вельмі слаба.

“Наогул нельга гаварыць аб тым, што сайты дзяржорганаў увогуле ўхіляюцца ад выканання заканадаўства. Няма рэчаў, якія адназначна ігнаруюцца… За выключэннем беларускай мовы”.

У гэтым лёгка пераканацца. Напрыклад, апошняй беларускамоўнай навіне на сайце Саўміна ўжо больш за год — яна датаваная 18 студзеня 2013 году. У той час як руская версія сайта абнаўляецца рэгулярна. Даследаванне Lawtrend на сёння першае ў Беларусі. Юрысты цэнтра гавораць, што кіраваліся методыкамі, распрацаванымі расійскімі калегамі з Фонду свабоды інфармацыі. Гэты фонд на працягу 10 гадоў паспяхова праводзіць маніторынг сайтаў органаў дзяржаўнай улады Расіі.

Прэзентацыя поўнага тэксту даследавання (больш за 100 старонак) і сустрэча з яго аўтарамі адбудзецца 6 лютага па адрасе Нававіленская 38. Пачатак а 12-й гадзіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі