Наступных крокаў па дэмакратызацыі ад Беларусі чакаюць ЗША, Еўрасаюз і СМІ

Вызваленне Казуліна, Парсюкевіча і Кіма усцешыла Еўропу і ЗША. Беларускія СМІ звязваюць гэтыя падзеі з пакненнем уладаў да легітымізацыі будучых выбараў. А апазіцыя і асобныя журналісты заклікаюць не цешыцца зараз - сітуацыя, кажуць яны, ніякім чынам не палепшылася. Як асвятлялі памілаванні беларускія і не толькі СМІ - у праграме "Пад беларускім прэсам" на гэтым тыдні. Апошнія некалькі дзён у незалежнай беларускай прэсе абмяркоўваюць вызваленні Казуліна, Кіма і Парсюкевіча. Журналісты выказваюць думкі пра тое, што яны могуць азначаць. Афіцыйныя ж СМІ прадказальна прамаўчалі. Толькі Советская Белоруссия без аніякіх ацэнак адным сказам паведаміла пра падзею.

“Сёння на волю выйшлі 21-гадовы Андрэй Кім і 43-гадовы прадпрымальнік з Віцебску Сяргей Парсюкевіч. Гэта былі апошнія зняволеныя, якіх лічылі неабходным вызваліць праваабарончыя арганізацыі” (“Советская Белоруссия”)

Найбольш папулярная версія прычыны вызваленняў – гэта жаданне ўладаў стварыць сабе ліберальны імідж перад выбарамі. Пра гэта кажа і былы зняволены Сяргей Парсюкевіч:

“Я думаю, што ўлады хочуць, каб Еўропа прызнала “парламенцкія выбары”, але гэтага відавочна не дастаткова. Наколькі я разумею, ніякіх зменаў у краіне не адбылося...” (“Салідарнасць”)

Пра такія матывы ўладаў піша і расійскі “КоммерсантЪ”. Але адзначае, што наўрад ці гэта адзіная прычына. Магчыма, Лукашэнку проста надакучыла знаходзіцца ў “чорным спісе”. І, вызваляючы палітзняволеных, прэзідэнт яўна разлічваў на адпаведны жэст з боку ЗША:

“У беларускай апазіцыі вызваленне калегаў звязваюць з жаданнем уладаў стварыць ілюзію лібералізацыі рэжыму напярэдадні парламенцкіх выбараў у верасні. Аднак матывы ўладаў Беларусі гэтым, па ўсёй верагоднасці, не абмяжоўваюцца.

ЗША неаднаразова называлі вызваленні трох палітзняволеных абавязковай умовай перагляду карных мераў, прынятых летась адносна Мінску. Тады Вашынгтон склаў чорны спіс беларускіх кіраўнікоў, якім забараніў уезд у ЗША (у іх ліку апынуўся Лукашэнка і члены яго сям’і), а таксама ўвёў санкцыі адносна канцэрну “Белнафтахім”...”

Некаторыя СМІ звязваюць вызваленні з працай у Беларусі піяршчыка Цімаці Бэла. Так, “Наша Ніва” нагадвае, што менавіта такое абяцанне перад тым як распачаць працу над іміджам Беларусі і даваў амерыканец:

“Нагадаем, што яшчэ некалькі тыдняў таму піяршчык Лукашэнкі Цім Бэл у інтэрв’ю «Financial Times» абяцаў, што палітвязні выйдуць на волю перад параменцкімі выбарамі”.

Што тычыцца надыходзячых выбараў, то Аляксандр Казулін упэўнены ў тым, што нягледзячы на вызваленні, яны як і раней пройдуць пад татальным кантролем уладаў. А лідэр Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька кажа, што казаць пра тое, што Беларусь засталася без палітзняволеных – рана:

“Напрыклад, удзельнікі знакамітай палітычнай “справы чатырнаццаці”, хаця і не знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, але пазбаўленыя правоў... Яны абмежаваныя ў свабодзе рухацца і па краіне і за яе межамі; ім небяспечна ўдзельнічаць у палітычных акцыях; яны не могуць балатавацца на выбарах. Таму, рана казаць пра тое, што ў Беларусі няма палітзняволеных. Гэта можна будзе сцвярджаць, калі ўсе асуджаныя па палітычных справах, будуць цалкам рэабілітаваны” (Хартыя-97)

Аляксандр Класкоўскі называе вызваленні “сімвалічным жэстам”, якія не маюць адносінаў да фактычнай дэмакратызацыі:

“Гэта толькі ліквідацыя тых анамалій (кшталту: былы кандыдат у прэзідэнты за кратамі!), якія больш за ўсё мазолілі вочы Захаду.

І таму Еўропа і ЗША ў сваіх заявах падкрэсліваюць, што чакаюць ад Мінску новых крокаў.
У прыватнасці, сярод 11 астатніх умоваў Брусэлю – правядзенне свабодных выбараў, лібералізацыя “трэцяга сектару”, паляпшэнне умоваў для недзяржаўнай прэсы...” (“Беларускія навіны”)

Пакуль жа мы сталі сведкамі прыняцця рэпрэсіўнага новага закону аб СМІ, адзначае Аляксандр Класкоўскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі