Настаўніцам не рэкамендавалі хадзіць на высокіх абцасах і без калгот

Настаўнікі з Брэста атрымалі ад адміністрацыі артыкул экс-дэпутата Уладзіміра Здановіча гадавой даўніны. У ім ён раіць настаўнікам не апранаць у школу абцасы вышэй за 6 сантыметраў з адкрытай пяткай, боты вышэй за калена, цыганскія ці джынсавыя спадніцы.

Таксама былы дэпутат, а сёння чыноўнік Мінадукацыі не раіць настаўнікам яркі макіяж, даўгія пазногці і валасы. На раздрукаваным артыкуле, дасланым у некаторыя школы Брэста, алоўкам напісана, каб парады распаўсюдзілі сярод настаўнікаў. З Еўрарадыё Уладзімір Здановіч гаварыць адмовіўся.

У рэкамендацыях у прыватнасці гаворыцца:

Адзенне:

"Лічыцца непрыстойным весці ўрок у джынсах; спартыўнай вопратцы (за выключэннем настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, рытмікі і да т.п.); вопратцы з махрамі, блішчынкамі, карункамі, вялікімі яркімі гузікамі, у вопратцы, што пакідае адкрытай вобласць жывата, міні-спадніцы, спадніцы з вялікім разрэзам, у блузцы, што прасвечваюцца, або блузцы з вельмі глыбокім дэкальтэ; понча і падобных яму бясформавых накідках; "цыганскіх" спадніцах і г.д. Адзенне для школы (гімназіі, ліцэя) не павінна быць занадта ў абцяжку і з выклікам яркіх колераў. Не дапускаюцца калготкі і панчохі ў буйную сетку, клетку або ў кветачку. Голыя ногі, няхай і вельмі прыгожыя, таксама не вітаюцца, нават у вельмі спякотнае надвор'е".

Абутак:

"Дзелавы стыль таксама не прымае красоўкі (зноў жа за выключэннем настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя), сланцы і любы абутак з незакрытай пяткай, адкрытыя басаножкі, боты вышэй калена. Абутак павінен быць строгіх класічных форм, на невысокім ўстойлівым абцасе (не вышэй за 6 см), ні ў якім разе не масіўны і не крохкі".

Прычоска, макіяж, манікюр, упрыгожанні:

"Прычоска або ўкладка павінны пакідаць адкрытым твар, бо, па-першае, глядзяцца акуратней, і, па-другое, адкрыты твар выклікае больш даверу. Занадта доўгія распушчаныя валасы, афрыканскія касічкі, дрэды — усё гэта таксама не для школьнага настаўніка.

Макіяж павінен быць някідкім і лёгкім.

"У манікюры варта пазбягаць дзвюх крайнасцей: недагледжаных або занадта доўгіх і яркіх пазногцяў. Упрыгожанні не павінны блішчаць, быць грувасткімі, звінець, усе гэтыя фактары будуць адцягваць вучняў ад сутнасці матэрыялу. Традыцыйна лічыцца, што павінна быць не больш за тры ўпрыгажэнні".

У заключэнні чыноўнік адзначае:

"Патрабаванне да знешняга выгляду педагагічных работнікаў не павінна ператварыцца ў імкненне апрануць усіх аднолькава, а ўжо тым больш у цкаванне асобных настаўнікаў або іх прыніжэнне з боку адміністрацыі. У гэтым тонкім і вельмі далікатным пытанні галоўнае — выканаць такт, улічваць усе нюансы таго ці іншага ўчынку і асаблівасці жыцця чалавека, у тым ліку яго матэрыяльныя магчымасці".

Высвятляем, ці сапраўды ў школах увядуць строгі дрэс-код, у аддзеле адукацыі Брэсцкага гарвыканкама.

“Усе работнікі адукацыі прытрымліваюцца дзелавога стылю. Зразумела, што ў в’етнамках настаўнік не прыйдзе. Але каб абцас быў адмысловы, ці спадніца, ці манікюр, такога ў нас няма”, — смяюцца ў аддзеле адукацыі.

Чыноўнікі ад адукацыі брэсцкага раёна дазваляюць настаўнікам насіць спадніцу вышэй за калена любога колеру:

“Колер і ўсё астатняе не дыктуецца, спадніца можа быць і вышэй за калена, мы не ставім строгіх правілаў, але гэта мусіць быць дзелавы стыль”.

Міністэрства адукацыі называе разасланы ў Брэсце матэрыял Здановіча яго асабістым меркаваннем. “Матэрыял маглі разаслаць, каб настаўнікі проста азнаёміліся”, — адказваюць у ведамстве. І дадаюць, што па законе строгіх правілаў, як апранацца настаўнікам, няма.

Настаўніца з Мінска Яўгенія, якая першы год працуе па размеркаванні, на працу носіць і яркія сукенкі, і джынсавыя спадніцы. Нараканняў не было.

“Мне ніхто заўваг не рабіў. Я заўжды хаджу ў сукенках, пару разоў прыходзіла ў джынсавай спадніцы. Бывае, я ў ярка-ружовых сукенках хаджу”, — расказвае настаўніца.

Спрабуем уладкавацца ў мінскую школу сацыяльным педагогам па тэлефоне: ці гатовыя браць хлопца з доўгімі валасамі, татуіроўкай на шыі і завушніцай у вуху.

“Мы ўсё перажывем”, — каротка адказваюць у адміністрацыі. Бо даўно шукаюць супрацоўніка.

Вось такі артыкул распаўсюдзілі ў некаторых сярэдніх навучальных установах Брэста

Фота: gnkk.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі