Нашы на Еўрабачанні: 17 радок у букмекераў і 800 тысяч праглядаў на Youtube

"Мы былі гатовыя да конкурсу ўжо напрыканцы мінулага месяца. Цяпер ідзе стадыя маральнай падрыхтоўкі і, можна сказаць, збіраем чамаданы. Едзем з вельмі добрым настроем. У Вене будзе шмат рэпетыцый, а там ужо — як карта ляжа", — распавяе спявак Юзары, які разам са скрыпачкай Маймунай прадставіць Беларусь на сёлетнім "Еўрабачанні".


Па словах Юзары, нумар дуэта ў Вене не будзе ўражваць спецэфектамі: ён адпавядае ўнутранаму складу музыкаў і прысвечаны хворым на рак, якія змагаюцца за сваё жыццё. Хоць першапачаткова, прызнаецца спявак, была ідэя працягнуць "эльфійскую гісторыю" (у 2012 годзе ў адборы на "Еўрабачанне" спявак запоўніўся не столькі песняй, колькі эльфійскімі вушамі), пра што сведчыць кліп на песню "Time". Але сустрэча з фанатам "Еўрабачання", падлеткам Эндзі Таранікам, які перамог рак, змяніла планы Юзары і Маймуны:


"Вельмі кранула. Таму мы вырашылі спяваць на "Еўрабачанні" у гонар такіх людзей, як Эндзі. Да таго ж, як высветлілася, румынскі гурт Voltaj сёлета прысвячае песню бяздомным дзецям, Паліна Гагарына едзе з "песняй міру", праблема хворых на сіндром Даўна будзе ўзнятая і фінскімі музыкамі. Гэта правільна: на вялікай сцэне можна закрануць глабальныя праблемы".


Уласных фаварытаў сёлетняга "Еўрабачання" Юзары называць не бярэцца, але кажа, што не зайздросціць журы і гледачам: маўляў, вельмі моцныя выканаўцы. Выбіраць, магчыма, давядзецца, зыходзячы з настрою тут і цяпер.


Кліп на песню "Time" беларускага дуэта Юзары і Маймуны на сёння мае больш за 800 000 праглядаў на афіцыйным канале "Еўрабачання" на сервісе Youtube. Больш за тры з паловай мільёны чалавек паглядзелі відэа прадстаўніцы Расіі Паліны Гагарынай. На другім месцы па праглядах апынулася албанская спявачка Элайда Дані — 2,5 мільёны праглядаў, на трэцім — азербайджанскі спявак Эльнур Хусэйнаў — больш за 2 мільёны. У пяцёрку найбольш папулярных кліпаў таксама патрапілі фіны Pertti Kurikan Nimipäivät (каля 2 мільёнаў) і брытанцы Electro Velvet (больш за паўтара мільёны). Найменш праглядаў мае відэа армян Genealogy (каля 115 тысяч праглядаў).


А вось рэйтынгі букмекераў узначальвае прадстаўнік Швецыі Манс Зэльмерлёў з песняй "Heroes". Пасля яго ідзе італьянскае трыа Il Volo, затым аўстраліец Гай Себасцьян, эстонскі дуэт Elina Born & Stig Rästa. На пятае месца букмекеры ставяць фінскіх панкаў Pertti Kurikan Nimipaivat. Дуэт Юзары і Маймуны — толькі на 17 месцы.


10 траўня беларускія ўдзельнікі "Еўрабачання-2015" Юзары і Маймуна разам з камандай выпраўляюцца ў Вену. На 12 траўня прызначаная першая рэпетыцыя, а 19-га беларускія музыкі выступаюць у першым паўфінале пад нумарам 11.

Фота: JackNickPro

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі