"Наша Ніва" атрымала папярэджанне ад Мінінфармацыі

"Наша Ніва" атрымала папярэджанне ад Мінінфармацыі

Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне сайту "Нашай Нівы" (nn.by). Ліст за подпісам міністра Ліліі Ананіч датаваны 14 сакавіка, паведамляецца на сайце выдання. папярэджанне вынесенае за распаўсюд інфармацыі, "здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі". Дарэчы, з такой жа фармулёўкай было вынесенае на мінулым тыдні папярэджанне парталу tut.by. 

У каментары Еўрарадыё шэф-рэдактар "Нашай Нівы" Андрэй Дынько распавёў, што стала нагода папярэджання:

Дынько: "Нам паведамілі пра канкрэтныя каменты на сайце, за якія было вынесена папярэджанне"

У выданні кажуць, што нагодай сталі восем каментароў. Іх ужо выдалілі з сайта, у адпаведнасці з патрабаваннямі закона. Па словах супрацоўнікаў nn.by, у гэтых каментарах былі: рэзкія выказванні на адрас уладаў; расклад меркаваных несанкцыянаваных акцый недармаедаў у рэгіёнах; рэзкія выказванні на адрас выканаўцаў затрыманняў, у прыватнасці, затрымання Змітра Дашкевіча; рэзкая крытыка помніка гарадавому ў цэнтры Мінска і падтрымка перформансу левых актывістаў супраць гэтага помніка.

Дарэчы, на nn.by дзейнічае прэмадэрацыя каментароў: перад выстаўленнем усе іх чытае вэб-рэдактар. 

Нагадаем, што атрыманне двух і болей папярэджанняў на працягу года пагражае закрыццём выдання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі