"А нам заробак на картачку залічаць новымі ці старымі грашыма?"

"А нам заробак на картачку залічаць новымі ці старымі грашыма?"

Ужо некалькі вечароў у спальных раёнах Мінска ля банкаматаў чэргі, людзі здымаюць грошы, каб у першыя выхадныя пасля дэнамінацыі не застацца без наяўных. Днём 30 чэрвеня ў цэнтры сталіцы спакайней, зняць грошы (магчыма, апошні раз у вашым жыцці гэта будуць банкноты з вялікай колькасцю нулёў) можна без вялікіх праблем. Ажыятажу няма. Іду па цэнтральных вуліцах распытаць народ, што ён думае пра новую валюту і як рыхтуецца да яе з'яўлення.

 

Дзве жанчыны ў камізэльках камунальнай службы, паляць цыгарэты ля выхаду з гандлёвага цэнтра "Сталіца", дэнамінацыя ім абыякавая:

"А што там было здымаць? Мы заробак як атрымалі, так і знялі. Заробку таго два мільёны. І мільён авансу ― усё. Які там у нас заробак. Ці што зменіцца пасля дэнамінацыі? Ды нічога. Жылі мы жабракамі і будзем жабракамі жыць. А хто багата жыў ― той застанецца багацеем. Мы і так капейкі атрымлівалі, цяпер зноў капейкі будуць. Жабракі мы. А ў вас колькі заробак? Таксама, думаю, невялікі".

"А нам заробак на картачку залічаць новымі ці старымі грашыма?"

Дэнамінацыі ў Беларусі ў цікавых лічбах

71 828 500 000 рублёў — такі заробак атрымлівалі б беларусы, калі б у краіне не было дэнамінацый.

Сяброўкі ля Чырвонага касцёла, доўга просяць мяне пагаварыць з "кімсьці іншым", бо самі "нічога ў новых грошах не разумеюць". Іх прызнанне аказваецца чыстай праўдай:

"Ой, мы нічога не разумеем і не рыхтаваліся. Вось як гэта будзе, нам на картачку 10 ліпеня заробак прыйдзе новымі грашыма альбо старымі? Незразумела. А капейкі... Выраслі мы пры капейках. У 1993 годзе мы неяк перажылі новыя грошы. І зайчыкі перажылі, і перамены, і ўсё. Мы тады былі маладзейшымі, неяк цікавей было ўсё. А цяпер... Цяпер гэта нядобра неяк. Шмат пераменаў ― гэта нядобра. Пенсіянерам будзе дрэнна, зноў жа. Блытацца будуць. Выраслі на капейках, потым паперкі, цяпер зноў капейкі. Гэтыя перамены дрэнныя для мозга, для псіхікі. Кашалькі ці куплялі новыя? Ды не, якія кашалькі. У кішэнях. Пляснуў, і ўсё. Скарбонкі завядзем, будзем збіраць у скарбонкі".

 

Студэнты ля гатэля "Мінск" п'юць разліўны квас, перакананыя, што дэнамінацыя праводзіцца для таго, каб урад мог спадцішка дэвальваваць новую нацыянальную валюту:

"Мы дэвальвацыю чакаем, бо будзе дэвальвацыя. Чатыры нулі прыбраць ― гэта не проста так. У любым выпадку будзе дэвальвацыя. Любая дэнамінацыя цягне за сабой дэвальвацыю. У мяне 50 тысяч беларускімі засталося на рахунку, усе грошы ў долары перавёў. Больш беларускіх няма. Кашалькі для манет новыя не куплялі. Будзем з трохлітровым слоікам хадзіць, туды збіраць".

"А нам заробак на картачку залічаць новымі ці старымі грашыма?"
Новая сторублёўка. Адзін мільён "старымі". Фота sputnik.by.

Хлопец на лаве ля музея кіно. Кажа, што ўсё будзе добра:

"Толькі што зняў апошнія грошы з рахунка. Ведаю, што банкі некалькі дзён не будуць працаваць. Праграмнае забеспячэнне будзе мяняцца. Будуць цяжкасці. А так, мы, канечне, да старога прывыклі, але нешта новае, я не думаю, што гэта дрэнна. Новыя грошы мне падабаюцца. Манеты, канечне, нязвыкла крыху будзе выкарыстоўваць. Але каб я моцна расстройваўся праз гэта, то не".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі