Польскія памежнікі не пусцілі “Начных ваўкоў” у краіну (абноўлена)

Польскія памежнікі не пусцілі расійскіх байкераў з клуба “Начныя ваўкі” ў краіну. Як паведамляе ВВС, польскі бок афіцыйна паведаміў беларускую памежную службу ў Брэсце, што ўсёй групе — матацыклам, дзвюм легкавым машынам і мікрааўтобусу, якія суправаджалі мотапрабег, адмоўлена ва ўездзе.

Сёння група расійскіх байкераў бесперашкодна пераехала беларускую мяжу ў Брэсце. У групе 11 чалавек, якія едуць на 10 матацыклах. Раней “Начныя ваўкі”, вядомыя сваёй падтрымкай палітыкі Уладзіміра Пуціна, наведалі Курган Славы пад Мінскам і Брэсцкую крэпасць.

Трапіўшы на польскі бок мяжы, расіяне сутыкнуліся з жорскім мытным даглядам.  “Зараз на польскай мытні. Трасуць па поўнай, глядзяць усе рэчы, ажно да кожнай майкі, кожнага ключа і адвёрткі”, — цытуе Interfax.ru Андрэя Баброўскага, кіраўніка калоны байкераў.

Паводле яго словаў, мытнікі таксама правялі “перакрыжаваны допыт” індывідуальна.

На мінулым тыдні ўлады Польшчы афіцыйна паведамілі расійскай амбасадзе ў Варшаве аб забароне ўезда ў краіну ўдзельнікам мотапрабега Масква — Берлін у гонар 70-годдзя Перамогі. Польшча ўбачыла ў гэтай акцыі правакацыю. Германія таксама паведаміла, што скасавала “Начным ваўкам” візы.

Фота: RIA.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі