“Начныя ваўкі” плануюць трапіць у Польшчу, нягледзячы на адмову ва ўездзе

Расійскія байкеры “Начныя ваўкі” плануюць ехаць у Польшчу і Нямеччыну, нягледзячы на тое, што ім адмовілі ва ўездзе. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прадстаўнік кіраўніка клуба Аляксандра “Хірурга”. Ён адзначыў, што спадзяванне трапіць у Берлін ёсць, бо ўдзельнікі прабегу не рабілі сабе візы цэнтралізавана.

Ён таксама распавёў, што “Начныя ваўкі” не маюць нейкага запаснога плана, у выпадку калі іх не прапусцяць праз польскую мяжу: “Ніякага плана няма. Калі не прапусцяць, усе рашэнні будзем прымаць, кіруючыся здаровым сэнсам”.

Нагадаем, 24 красавіка Міністэрства замежных спраў Польшчы накіравала дыпламатычную ноту ў расійскую амбасаду ў Варшаве, у якой паведаміла пра адмову ва ўездзе на тэрыторыю Польшчы групе матацыклістаў з клуба "Начныя ваўкі". Раней стала вядома, што выдадзеныя расійскім байкерам візы анулюе Нямеччына.

"Начныя ваўкі" планавалі праехаць на ўгодкі Перамогі па тэрыторыі Расіі, Беларусі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі і Нямеччыны — да Берліна. Прадстаўнікі ўладаў Польшчы назвалі гэтую акцыю правакацыяй. Як вядома, летась "Начныя ваўкі" актыўна ўдзельнічалі ў захопе Расіяй украінскага Крыма.

Адзначым, што некаторыя беларускія апазіцыйныя структуры выступілі з патрабаваннем да ўладаў Беларусі не прапускаць праз сваю тэрыторыю "Начных ваўкоў". На гэта прэс-сакратар байкерскага клуба Ганна Камарова распавяла Еўрарадыё, што дазвол на праезд па Беларусі “ваўкі” маюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі