Начальнік мінскай міліцыі: Ніхто нікому не забараняе фатаграфавацца

Беларускі інтэрнэт дагэтуль абмяркоўвае таямнічы дакумент ад міністра ўнутраных спраў, які нібыта забараняе фатаграфаваць у Беларусі адміністрацыйныя будынкі.

Нагадаем, што супрацоўніка “Камсамолкі” Дзмітрыя Ласько затрымалі за тое, што здымаў на камеру падсветку Акадэміі навук. За гэта яго чатыры гадзіны пратрымалі ў аддзяленні міліцыі.

Замежныя турысты, якіх нібыта ў Беларусь зазываюць, цяпер, відаць, яшчэ больш баяцца гуляць па Мінску, а некаторыя грамадзяне лішні раз падумаюць, ці даставаць смартфон на плошчы Незалежнасці. Міліцыя тым часам не дае ніякіх грунтоўных тлумачэнняў.

І вось, у аўторак, 3 сакавіка, падчас прамой лініі з’явілася магчымасць задаць праблемнае пытанне начальніку ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандру Барсукову. Спадзяёмся, што ад генерала пачуем ясны адказ.

Як заяўлялася, прамая лінія праводзілася для мінчан. Тэлефанаваць начальніку бяруцца карэнныя мінчане з рэдакцыі Еўрарадыё.

Журналіст Ілля Маліноўскі дазвоньваецца з першай спробы. Відаць, званкоў ад іншых начальніку ГУУС паступала не так і шмат. Пасля традыцыйнай працэдуры перапісвання імя і хатняга адраса журналіст задае набалелае пытанне — пра спіс аб’ектаў, якія нельга фатаграфаваць. Але ў адказ чуе таямнічае перашэптванне і нечаканае: “У нас тут зноў праблемы з сувяззю. Пачакайце”. Далей чатыры хвіліны Маліноўскі слухае музыку, якая нарэшце перарываецца кароткімі гудкамі.

Журналіст набірае яшчэ раз. Чуваць, як трубку здымаюць, а потым кладуць. Так паўтараецца шмат разоў, цягам хвілін пятнаццаці. Прычым, за гэты час ні разу не было занята.

Нарэшце начальнік ГУУС усё ж здымае трубку: “Паслухайце, ну гэта ж не прэс-канферэнцыя! Нам тут звычайныя людзі тэлефануюць. Маса пытанняў. Таму прыходзьце ў прыёмны дзень, мы з вамі з задавальненнем паразмаўляем. Але ў нас ніхто нікому не забараняе фатаграфавацца”, — не дае нават слова ўставіць галоўны міліцыянер сталіцы.

Журналіст Яўген Валошын таксама дазвоньваецца да Аляксандра Барсукова з першага разу і цікавіцца таямнічым дакументам.

“Гэта не прэс-канферэнцыя. Сюды людзі тэлефануюць, каб атрымаць нейкую кансультацыю. Калі ласка, калі будзе прэс-канферэнцыя, мы ўсё будзем тлумачыць”, — так павітаўся генерал.

Яўген Валошын: "Я вам тэлефаную як чалавек”.

“Як чалавек, калі вас пакрыўдзілі ці нешта яшчэ, калі ласка звяртайцеся”, — так начальнік ГУУС скончыў гутарку.

Атрымліваецца, пра існаванне ці неіснаванне канкрэтнага нарматыўнага акта міліцыя казаць не хоча. А на справе адзін дробны інцыдэнт з затрыманнем фотажурналіста выклікаў скандал. І навошта гэта патрэбна міліцыі?

Фота minsknews.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі