На журналістку з Гомеля склалі пратакол за супрацоўніцтва з "Белсатам"

Журналістку Ларысу Шчыракову 8 сакавіка выклікалі ў Цэнтральны РАУС Гомеля і склалі на яе адміністратыўны пратакол за парушэнне заканадаўства аб СМІ. Дакумент аформіў начальнік аддзелу правапарадку Юрый Панін.

Як выявілася, міліцыя аформіла пратакол, спасылаючыся на інфармацыю гандляроў з рынка “Цэнтральны”. Прадпрымальнікі далі паказанні, што Ларыса Шчыракова здымала іх на відэакамеру.

Сюжэт пра падвышэнне падаткаў для іпэшнікаў з’явіўся на сайце тэлеканала Белсат 13 студзеня. Таксама ў матэрыялах міліцыі быў адказ ад МЗС, што Ларыса Шчыракова не мае акрэдытацыі пры міністэрстве як журналіст замежнага СМІ.

У студзені Шчыракова і яе калега Кастусь Жукоўскі былі асуджаныя нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ў Светлагорску і заплацілі штраф на 900 тысяч кожны. Журналісты пры гэтым асвятлялі пікет, які ладзіў грамадскі актывіст, інвалід першай групы Юрый Ляшэнка. Міліцыя пры гэтым абвінаваціла журналіста ва ўдзеле ў акцыі.

Раней Шчыракова атрымала афіцыйнае папярэджанне ад пракуратуры за працу без акрэдытацыі, нагадвае БелаПАН.

Фота: Фэйсбук

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі