На Савеце бяспекі ААН ЗША звінавацілі Расію ў хлусні і прапагандзе

Паўнамоцны прадстаўнік Расіі ў ААН Віталь Чуркін заявіў, што яго краіна лічыць непрымальным выкарыстанне сілы ўкраінскімі ўладамі для навядзення парадку на ўсходзе Украіны.



Па яго словах, якія перадае ВВС, міжнародная супольнасць "павінна запатрабаваць ад стаўленікаў Майдана спыніць вайну з уласным народам". На думку Расіі, сепаратысты на паўднёвым усходзе краіны нікога не тэрарызуюць, а ўлады ў Кіеве збіраюцца выкарыстаць супраць народа войска. Чуркін таксама катэгарычна абверг звесткі аб збор расійскіх войскаў ля мяжы з Украінай і пра ўдзел расійскіх агентаў у эскалацыі сітуацыі на ўсходзе краіны.



Прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі ды Аўстраліі, якія выступілі пасля гэтага, былі вельмі катэгарычнымі ў сваіх ацэнках ўкраінскага крызісу.



Прадстаўніца Злучаных Штатаў Саманта Паўэр абвінаваціла Расію ў тым, што яе прадстаўнікі хлусяць чальцам Савета бяспекі. Яна заклікала калег не паддавацца прапагандзе, якую вядзе Масква, і "не даць сябе падмануць". Яна заявіла, што Краматорск захопліваюць тыя ж людзі, якія дзейнічалі ў Крыме. Паўэр кажа, што адзіная сіла ў рэгіёне, здольная кіраваць такой зладжанай ваеннай аперацыяй на шырокай тэрыторыі, — гэта Расія.



Вялікабрытанія , Францыя і Аўстралія таксама выступілі з рэзкім асуджэннем ролі Расіі ў падзеях ва Украіне. Прадстаўнікі гэтых краін падкрэслілі падабенства Данецкай сітуацыі з акупацыяй Крыма расійскімі войскамі. "Апалчэнцы на паўднёвым усходзе Украіны — гэта расійскія ўзброеныя сілы. Заклікаем Расію спыніць правакацыі", — заявіў прадстаўнік Аўстраліі.



Адзіныя дзве краіны, якія выказаліся асцярожна, — Руанда і Кітай. У прыватнасці, прадстаўнік Кітая адзначыў, што яго краіна глыбока занепакоеная эскалацыяй сітуацыі ва Украіне.



Фота — Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі