“На саміце ў Вільні Беларусь як што і падпіша, то — фінальную дэкларацыю”

За кошт скасавання мытных пошлін на ўкраінскія тавары, што пастаўляюцца ў ЕС — зона свабоднага гандлю! На крок адстаюць ад Украіны Малдова і Грузія — яны такую ж дамову ў Вільні будуць парафіраваць. Чаму б і Беларусі на тым лістападаўскім саміце не падпісаць нешта падобнае? Грошы ж краіне трэба!

Не ўсё так проста, ахалоджвае супрацоўнік Прадстаўніцтва Еўрасаюза ва Украіне Давід Стулік. Найперш, Украіна павінна была выканаць шэраг патрабаванняў з боку ЕС.

Давід Стулік: “Першая група патрабаванняў — прывядзенне выбарчага заканадаўства да еўрапейскіх стандартаў, другая — прыпыненне выбарачнага правасуддзя і рэфармаванне сістэмы правасуддзя, трэцяя катэгорыя пытанняў — рэалізацыя міжнародных пагадненняў на ўнутрыдзяржаўным узроўні”.

Каб паказаць, што не ўсё так проста, як падаецца, дастаткова пералічыць, што ўваходзіць у патрабаванні па рэфармаванні сістэмы правасуддзя. Перш за ўсё патрабуецца, каб у краіне не толькі не было палітзняволеных, але і было зроблена ўсё, каб іх не магло з’явіцца ніколі. А для гэтага ад украінскіх уладаў патрабуюць рэфармаваць пракуратуру, Крымінальны кодэкс, гарантаваць незалежнасць суддзяў і выкананне рашэнняў Еўрапейскага суда па правах чалавека і шмат чаго яшчэ. Карацей, каб атрымаць тыя 450 мільёнаў еўра штогадовага прыбытку, Украіна мусіла правесці кардынальныя палітычныя і эканамічныя рэформы. Выканалі?

Давід Стулік: “Ёсць значны прагрэс, што Украіна рухаецца наперад і што калі гэты курс на выкананне патрабаванняў будзе захаваны, то можна спадзявацца на пазітыўнае рашэнне наконт падпісання Дамовы на Віленскім саміце. Адначасова падкрэсліваецца, што яшчэ шмат пытанняў, якія неабходна вырашыць да саміту”.

Напрыклад, ЕС патрабуе вызвалення былога прэм’ер-міністра Украіны, а сёння — палітвязня Юліі Цімашэнкі. Але за два месяцы да саміту яна яшчэ за кратамі. Не спадабаецца гэты факт адной з 28 краін Еўрасаюза — і плакалі 450 мільёнаў “украінскіх” еўра.

Аналітык украінскага Міжнароднага цэнтра перспектыўных даследаванняў Ігар Шаўлякоў удакладняе: умовы для падпісання Дамовы аб асацыяцыі былі сфармуляваныя так, што даюць “прастору для кампрамісаў”.

Ігар Шаўлякоў: “Там указаныя накірункі і пастаўленыя пытанні, па якіх неабходна шукаць рашэнні, але не патрабуецца поўнае і канчатковае рашэнне гэтых пытанняў. А патрабуюцца — “сур’ёзныя крокі і адчувальны прагрэс”.

А таму, сцвярджае аналітык, ці падпісваць з Украінай гэтую дамову аб зоне свабоднага гандлю, каб надалей не абкладаць украінскія тавары мытнай пошлінай і даць ёй магчымасць атрымаць 450 мільёнаў еўра “эканамічнага эфекту”, будзе, найперш, рашэннем палітычным.

Дарэчы, да падпісання гэтай дамовы Украіна ішла 5 гадоў, а тыя ж Малдова з Грузіяй — на палову менш. І Давід Стулік, і Ігар Шаўлякоў тлумачаць гэта тым, што Украіна пайшла па гэтым шляху першай, патрабаванні толькі фармуляваліся, а шляхі іх выканання шукаліся. Малдова і Грузія скарысталіся “ўкраінскімі” напрацоўкамі.

Чаму б Беларусі не прайсці гэты шлях за тыя два месяцы, што засталіся да віленскага саміту?! Дарога ўжо трыма вандроўнікамі пратаптаная. І кансалідацыя ўлады ў нас такая, што пры жаданні Беларусь можа правесці ўсе неабходныя заканадаўчыя і эканамічныя рэформы цягам некалькіх месцаў, пагаджаецца Ігар Шаўлякоў.

Ігар Шаўлякоў: “Улічваючы тое, што і гэта кансалідацыя, і адміністрацыйны патэнцыял дасягнуты за кошт абмежавання дэмакратыі, абмежавання правоў чалавека па асобных накірунках, то нават для пачатку перамоў па выхадзе на Дамову аб асацыяцыі Беларусі спатрэбілася б здзейсніць вельмі сур’ёзныя змены ў першую чаргу ў пытаннях дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека”.

Ёсць і яшчэ адна перашкода, дадае беларускі эксперт, кіраўнік “Ліберальнага клуба” Яўген Прэйгерман. Нельга быць адначасова сябрам і Еўрасаюза, і Мытнага саюза, мець зону свабоднага гандлю з ЕС і адкрытыя межы для тавараў з Расіі і Казахстана. І робіць выснову:

“Беларуская дэлегацыя падпіша фінальную дэкларацыю гэтага саміту і больш нічога — пакуль што нават размоў ні пра што іншае не ідзе”.

У нас нават базавая Дамова аб супрацоўніцтве і партнёрстве з ЕС, якая ёсць практычна ва ўсіх краін, не заключаная. Што казаць пра дамовы, якія, апроч сяброўства, гарантуюць Беларусі атрыманне фінансавых дывідэндаў.

Фота — bymedia.net 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі