На Rock Profi-2016 гурт Re1ikt забраў дзве галоўныя ўзнагароды (фота)

На Rock Profi-2016 гурт Re1ikt забраў дзве галоўныя ўзнагароды (фота)

26 траўня ў мінскім клубе ili праходзіць чацвёртая цырымонія ўручэння музычных узнагарод Rock Profi. Пазіцыянуецца яна, як адзіная прафесійная музычная ўзнагарода, бо пераможцы вызначаюцца па галасах музыкаў, якія працуюць у накірунках рок, індзі, альтэрнатыва, і якія выдалі альбомы ў апошнія тры гады. Сёлета ўдзел у галасаванні ўзялі больш за 66 гуртоў і сольных артыстаў, па меркаванні якіх, дзве галоўныя ўзнагароды — "Альбом года" і "Артыст года" — атрымаў гурт Re1ikt.

“Самае прыемнае ў гэтых узнагародах — яны адлюстроўваюць меркаванне калег. Дзякуй усім, хто ацаніў менавіта нас, хаця вартых кандыдатур у анкетах хапала, – каментуе лідар гурта Аляксандр Дземідзенка. – Асобны дзякуй, што ўзнагароды мы атрымалі ад людзей, якіх мы вельмі паважаем — і як людзей, і як выканаўцаў, і як легендарных асобаў — Лявона Вольскага і Ігара Варашкевіча. Мы пачыналі слухаць іх творчасць, калі былі дзецьмі, і яны так ці інакш паўплывалі на нас, калі мы пачалі граць музыку. Калі адбываюцца такія рэчы, разумееш — любая мара можа здзейсніцца”.

Гурт Re1ikt плануе адсвяткаваць сваю перамогу на канцэрце, які адбудзецца ў нядзелю, 29 траўня ў клубе "Бруге" ў Мінску.

Дэбютам года” па версіі музыкаў стаў гурт Super Besse, “Лепшы запіс” (прыз гукарэжысёрам) атрымаў Аляксандр Геліх за альбом "Музыка — всё!" гурта “Серебряная Свадьба”, ну а лепшай песняй калегі палічылі "Родны край" гурта Brutto. Шостую статуэтку — “За ўнёсак у беларускую музыку” забрала этна-трыа “Троіца”.

Выступілі на прэміі гурты “Джаўнт”, Intelligency, Unhuman Remains, Slowner, "Сестричкин луч" і новы праект Сяргея Пукста з выбітнымі рэп-тэкстамі True Litwin Beat.

Сёлета было разгледжана 45 альбомаў і 92 песні, якія выдаваліся ў якасці сінглаў і кліпаў. Арганізатарамі прэміі традыцыйна сталі Павел Юрцэвіч (студыя "Осмас", клуб ili) і Зміцер Безкаравайны (Experty.by). Усе пратаколы галасавання ўжо можна паглядзець на старонках прэміі ў Facebook і Vkontakte.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі