На рамонт тратуарнай пліткі ля "Белэкспа" патрацяць 19 тысяч долараў (фота)

На рамонт тратуарнай пліткі ля "Белэкспа" патрацяць 19 тысяч долараў (фота)

Плошча Дзяржаўнага сцяга, а разам з ёй і рэканструкцыя выставачнага комплексу "Белэкспа" ў Мінску былі здадзеныя летам 2013 года. Не так даўно там жа паставілі рэспубліканскую дошку гонару. Якая дагэтуль не працуе.

Сказаць, што гэтыя мясціны карыстаюцца шалёнай папулярнасцю ў мінчан, было б перабольшаннем — ля "Белэкспа" шматлюдна толькі падчас адкрыцця нячастых выставаў, на плошчу да самага высокага флагштока краіны час ад часу падыходзяць рэдкія турысты. Але 27 ліпеня на сайце дзяржзакупак з'яўляецца тэндар на правядзенне "бягучага рамонту тратуарнай пліткі". Сума — амаль 38 тысяч новых рублёў. То бок 19 тысяч долараў.

Едзем на праспект Пераможцаў 14: адрас "адміністратыўнага будынка" пазначаны ў тэндары. Людзей у ваколіцах "Белэкспа" няшмат, плітка ўсюды. Выглядае амаль як новая. Толькі месцамі колер змяніўся ды часам драпіны. Відаць, ад нейкай тэхнікі.

На рамонт тратуарнай пліткі ля "Белэкспа" патрацяць 19 тысяч долараў (фота)
На рамонт тратуарнай пліткі ля "Белэкспа" патрацяць 19 тысяч долараў (фота)
На рамонт тратуарнай пліткі ля "Белэкспа" патрацяць 19 тысяч долараў (фота)

У Галоўным гаспадарчым упраўленні кіравання справамі кіраўніка краіны, якое з'яўляецца заказчыкам працаў, патлумачыць іх неабходнасць змаглі не адразу. "Я толькі за падбор выканаўцаў адказваю, пра стан пліткі і прычыны яе замены мне нічога не вядома", — гаворыць Еўрарадыё Кацярына Наліўка. У тэндары яе абавязкі пазначаныя як "пытанні па конкурсных заяўках". Наліўка раіць звяртацца да тэхнічнага спецыяліста Дзмітрыя Генрыхсана.

На рамонт тратуарнай пліткі ля "Белэкспа" патрацяць 19 тысяч долараў (фота)
На рамонт тратуарнай пліткі ля "Белэкспа" патрацяць 19 тысяч долараў (фота)

Паразмаўляць з Дзмітрыем удаецца толькі амаль праз тыдзень. Спачатку спецыяліст спасылаецца на тое, што ён "даваў падпіску аб неразгалошанні службовых таямніц". Аднак падрабязнасці даведацца ўсё ж атрымліваецца:

"Каб будынак адпавядаў узроўню мерапрыемстваў, якія там праводзяцца. Там ёсць пытанні да вытворцы пліткі. Яна крыху на сонцы страціла колер, пайшла плямамі. Таму прынятае рашэнне перакласці ад галоўнага ўваходу ля фантана ў іншае месца. А тую плітку, якая тры гады вытрымала, не змяніла колер, мы пакладзем да фантана. Тут пытанні да вытворцы. Фарбавальнік не вытрымаў нагрузкі клімату... Непрэзентабельны выгляд", — расказвае Дзмітрый Генрыхсан.

Так што калі раптам плітка ля вашага дома змяніла колер — можаце патрабаваць ад ЖЭСа яе замяніць. А то непрэзентабельна.

На рамонт тратуарнай пліткі ля "Белэкспа" патрацяць 19 тысяч долараў (фота)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі