На кіраўніка прафсаюза РЭП Фядыніча пачалі крымінальную справу

На кіраўніка прафсаюза РЭП Фядыніча пачалі крымінальную справу

Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю правялі ператрус у мінскім офісе прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). На старшыню прафсаюза Генадзя Фядыніча і яго намесніка Ігара Комліка пачалі крымінальную справу. Пра гэта Еўрарадыё распавёў юрыст прафсаюза Юрый Белякоў.

Белякоў: “Супрацоўнікі Дэпартаменту прынеслі пастанову аб правядзенні вобшуку. Патлумачылі, што супраць старшыні прафсаюзу Фядыніча і яго намесніка Комліка распачатая крымінальная справа за нявыплату падаткаў. І яны прад’яўляюць прэтэнзіі па нявыплаце з пачатку 2010 года. зламалі дзверы ў пакой Комліка, бо яго не было на месцы, а ключа мы не знайшлі. Выемку дакументаў здзейснілі, цвёрдыя дыскі з камп'ютараў забралі — шэсць гадзін вобшук працягваўся”.

Дзе зараз знаходзіцца Аляксей Комлік, у прафсаюзе не ведаюць. А вось Генадзя Фядыніча ад самай раніцы забралі на допыт. Па словах Белякова, да яго выехаў дзяжурны адвакат. На допыт сілавікі забралі таксама прэс-сакратара РЭП Юрыя Герасіменку. Паведамляецца, што затрыманая і былая рэдактарка сайта praca-by.info Наталля Пічужкіна.

Як стала вядома, раніцай 2 жніўня прайшоў ператрус і ў офісе Беларускага незалежнага прафсаюзу (гарнякоў) у Салігорску. Там таксама праваахоўнікі правялі выемку дакументаў і камп'ютараў. Дакладна невядомы лёс старшыні Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука. Паводле адных крыніц яго затрымалі, паводле іншых — выклікалі на допыт у якасці сведкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі