На "Гродна Азоце" патлумачылі, што ж здарылася на прадпрыемстве

На "Гродна Азоце" патлумачылі, што ж здарылася на прадпрыемстве

На "Гродна Азоце" патлумачылі, што ж здарылася на прадпрыемстве. У цэху азотнай кіслаты і вадкіх азотных угнаенняў раніцай 16 чэрвеня "праводзіліся планавыя тэхнічныя працы", інфармуе прэс-служба ААТ "Гродна Азот".

Як паведамляла Еўрарадыё, у сацсетках сёння з'явілася інфармацыя пра магчымы выкід аміяку ў адным з цэхаў "Гродна Азота". Аднак МНС Гродзенскай вобласці гэтыя чуткі абвергла, заявіла, што ніякай інфармацыі пра надзвычайныя здарэнні на прадпрыемстве не было, яно працуе ў штатным рэжыме.

Прэс-служба прадпрыемства адзначае, што "тэхнічныя працы" пачаліся а 9-й гадзіне. У іх выніку адбылося "частковае спыненне абсталявання", "утварылася загазаванасць некаторых вытворчых памяшканняў, якія былі правентыляваныя". Пры гэтым цэх працягваў працаваць.

Адзначаецца, што "перавышэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі шкодных рэчываў, як на тэрыторыі прадпрыемства, так і на прылеглых тэрыторыях няма". Як няма і пагрозы навакольнаму асяроддзю, работнікам "Гродна Азота" і жыхарам горада, падкрэслівае прэс-служба.

Варта згадаць, што 6 чэрвеня на ААТ "Гродна Азот" з-за тэрмічнага раскладання гідраксіламінсульфата смяротнае атручэнне атрымалі двое рабочых, траіх шпіталізавалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі