На дзвюх мінчанак пачалі крымінальную справу за сацсеткавую краму "Маргарытка"

На дзвюх мінчанак пачалі крымінальную справу за сацсеткавую краму "Маргарытка"

Упраўленне Следчага камітэта па Мінску пачало крымінальную справу на дзвюх мінчанак — маці і дачку. Як паведамляе сайт СК, жанчын падазраюць у стварэнні сацсеткавай крамы "Маргарытка" для ашуканскіх дзеянняў.

Па версіі следства, сацсеткавую краму маці і дачка стваралі, заведама не маючы на мэце выконваць фінансавыя абавязкі. Крама ў выглядзе групы ў сацыяльных сетках была створаная на пачатку 2015 года спярша ў "Аднакласніках", а пазней і ў "Вконтакте". Ініцыятаркі прапаноўвалі купіць розныя тавары па коштах, ніжэйшых за рынкавыя. Для замовы пакупнік мусіў пералічыць поўны кошт пакупкі на адзін з разліковых рахункаў.

Часцей за ўсё, наіўныя пакупнікі заставаліся і без грошай, і без пакупкі. Напрыклад, сёлета ў траўні адна з пацярпелых вырашыла набыць у падазраваных па акцыі посудамыйную машыну, выцяжку, тэлефон "Apple IPhone" і два тэлевізары за 2,5 тысячы рублёў. Грошы яна пералічыла, а тавараў не дачакалася.

Як раней паведамляла Еўрарадыё, пацярпелыя ад дзеянняў "Маргарыткі" падалі ў міліцыю больш за 100 заяваў.

Следства па гэтай справе парцягваецца. Следчыя высвятляюць іншых пацярпелых ад дзеянняў мінчанак. Усіх пацярпелых просяць звяртацца па тэлефонах 8 (017) 369-26-42, 8 (017) 369-25-96, 8 (017) 398- 90-20.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі